Навошта Лукашэнка прызначыў Дзень Незалежнасці на 3 ліпеня?


У Беларусі афіцыйна адзначаюць Дзень Незалежнасці. Цяперашняя дата сталася такой толькі ў 1996 годзе, у выніку рэферэндуму. Замест даты прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце цяпер на дзяржаўным узроўні адзначаюць дзень вызвалення Менску ад гітлераўскай акупацыі – і гэта з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі.

Жалобная музыка, вянкі і кветкі да Кургану Славы. Другі год запар святкаванне адбываецца без вайсковага параду. Але афіцыйная рыторыка не пра суверэнітэт, а пра перамогу ў Другой сусветнай вайне.

«Трэцяга ліпеня мы традыцыйна звяртаемся да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: успамінаем герояў, якія коштам свайго жыцця падарылі нам свабоду», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўнае свята Беларусі святкуюць з пачатку дзевяностых гадоў, уласна пасля здабыцця незалежнасці. Але тады ўрачыстасці прыпадалі на дваццаць сёмага ліпеня – дзень ухвалення Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Дата 3 ліпеня з’явілася ў афіцыйным календары пасля рэферэндуму 1996 года. Раней гэты дзень адзначаўся толькі як гадавіна вызвалення Менску ад фашысцкіх захопнікаў.

«3 ліпеня нельга назваць дзяржаўным святам, Днём незалежнасці з адной простай прычыны: Беларусь у выніку ўзяцця Менску савецкімі войскамі не стала незалежнай. Беларусь так і засталася часткай Савецкага Саюзу, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай», – падкрэсліў гісторык Яўген Дудкін.

Падчас двух рэферэндумаў – 95-га і 96-га гадоў – Аляксандр Лукашэнка дамогся замены нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня на мадэрнізаваныя савецкія, а таксама пераносу Дня незалежнасці на 3-га ліпеня.

«Лукашэнка меў галоўную мэту – гэта змаганне з нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі, з любымі нацыянальнымі памкненнямі, сімваламі, з гісторыяй і беларускай мовай. Ён хацеў перарабіць грамадства, перамагчы нацыянальныя сілы і пачаць інтэграцыю з Расеяй, дзе ён бачыў сваё месца ў Крамлі», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Сёння месца ў Крамлі Лукашэнку няма, а інтэграцыя набыла пагрозлівы для незалежнасці Беларусі характар. Летась афіцыйны Менск падпісаў з Масквою 28 інтэграцыйных картаў, пра змест якіх амаль нічога невядома. Расейскія войскі не толькі выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю для атак на Украіну, але і актыўна ўцягваюць Беларусь у вайну за інтарэсы Крамля.

Нягледзячы на імклівае скарачэнне суверэнітэту, Лукашэнка працягвае падтрымліваць свайго апошняга хаўрусніка з усходу. Пад час урачыстасцяў ён заявіў: «Нас сёння папракаюць, што мы адзіная краіна ў свеце – падтрымліваем Расею ў яе барацьбе супраць нацызму. Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Расею».

Лукашэнка – вораг беларускай незалежнасці, заявіў у жывым эфіры «Белсату» палітолаг Дзмітрый Балкунец:

«Ён давёў Беларусь да таго, што Беларусь стаіць не толькі ў адным кроку, яна перакрочыла рубеж, з якога назад будзе цяжка выйсці, у страце беларускага суверэнітэту і незалежнасці. Могуць пакінуць атрыбуты і месца ў ААН, як было ў БССР, а ўсё астатняе будзе вырашацца ў Маскве».

Беларусь застаецца адзінай з постсавецкіх рэспублік, дзе Дзень незалежнасці прывязаны не да аддзялення ад СССР ці Расейскай імперыі, а да вызвалення падчас Другой сусветнай вайны, прычым толькі часткі тэрыторыі. Бо пасля трэцяга ліпеня акупаванай заставалася прынамсі палова тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Антон Каменскі, «Белсат»