Сяргей Навумчык: У Беларусі зноў знішчаюць кнігі


Амаль праз сто гадоў пасля спальвання кніг у нацысцкай Нямеччыне ў 1933 годзе нязручныя кнігі зноў знішчаюць – і гэта робіць рэжым у Беларусі. Пацверджанне журналіст Сяргей Навумчык знайшоў у базе судовых рашэнняў. Паводле яго, жыхару Кобрына прызначылі 10 содняў арышту за тое, што ў ягонай хатняй бібліятэцы знайшлі першае выданне кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Суд Кобрынскага раёну афіцыйна заявіў, што “ў выкананне рашэння суда Цэнтральнага раёну Менску ад 18 кастрычніка 2022 года было знішчана як другое, так і першае яе выданне”. Такім чынам, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі афіцыйна (суд заявіў – куды ўжо больш афіцыйна) прызнана, што рэжым знішчае беларускія кнігі», – піша Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале.

Звесткі пра знішчэнне непажаданых кніг з’яўляліся і раней, але афіцыйнага прызнання такой практыкі не было.

«Рэжым і яго прадстаўнікі, знаходзячыся ва ўмовах беспакаранасці, перасталі фільтраваць тое, што яны агучваюць, і яны прамаўляюць простым тэкстам пра свае злачынствы. І гэта ў будучыні нам аблегчыць задачу як для рэабілітацыі, так і для прыцягнення да адказнасці вінаватых», – мяркуе старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

У гісторыі Беларусі знішчэнне кніг адбываецца не ўпершыню. Роўна 87 гадоў таму Галоўліт БССР, які падпарадкоўваўся НКВД, загадаў канфіскаваць з бібліятэк і кнігарняў 421 кнігу беларускіх аўтараў, у тым ліку класікаў. У загадзе тлумачылася, што кнігі трэба прапусціць праз рэзальныя машыны або спаліць.

«Наступным крокам можа быць сапраўды знішчэнне нашых твораў, нашай спадчыны, што паступова ўжо робіцца. Я ведаю, што з архіваў выкідваюцца, напрыклад, вельмі каштоўныя музычныя ноты або запісы. Іх ніхто не пільнуе, іх выкідваюць проста на сметнік», – кажа прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

Беларускія кнігі на кніжнай выставе ў Беластоку.
Фота: Радыё Рацыя

Ёсць неафіцыйныя сведчанні і пра чысткі ў бібліятэках. Паводле падлікаў праваабаронцаў, толькі летась улады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі два дзясяткі мастацкіх кніг. Агулам жа ў маніторынгу Беларускага ПЭНу паўсотні забароненых дакументальных, публіцыстычных, гістарычных і мастацкіх выданняў. Сярод аўтараў Альгерд Бахарэвіч, Ларыса Геніюш, Уладзімір Някляеў, Лідзія Арабей, Наталля Арсеннева.

«Кнігі – гэта тое, што можна будзе ўзнавіць, надрукаваць новыя, сёння тэхналогіі гэта дазваляюць, але калі казаць пра напісанае, пра тэксты, якія знішчаюцца без магчымасці аднаўлення, – гэта рукапісы, асабліва тыя, што пішуцца ў зняволенні», – кажа Таццяна Нядбай.

Шмат якія беларусы мусілі ўцячы ад рэжыму. І шэраг беларускіх культурніцкіх падзеяў сёння адбываецца ў замежжы: працуюць выдавецтвы, друкуюцца кнігі, уручаюцца прэміі.

«Множым беларускую культуру, нават ворагі даўмеліся, што яна таксама зброя і можа быць небяспечнай, нясем агонь чалавечнасці, святла ва ўмовах, калі ствараюцца штучныя падзелы, межы», – раіць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Цікавасць да беларускай культуры і ўнутры краіны, і за межамі толькі расце, мяркуе Аліна Коўшык:

«Чым мацней будуць ціснуць, тым больш цікавыя натхняльныя творы будуць пісаць пісьменнікі. Хачу ўзгадаць, што раман Сашы Філіпенкі быў прызнаны як найлепшы еўрапейскі раман. Так што нам сапраўды ёсць чым ганарыцца».

А занясеннем у спіс забароненых рэжым толькі падаграе цікавасць да твораў, да іх аўтараў і да беларускай культуры, заўважаюць нашыя суразмоўцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»