Расейцы навучаць бараніць неба?


У Беларусі прайшлі сумесныя з Расеяй лётна-тактычныя вучэнні. Расейскія лётчыкі падзяліліся сваім досведам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Задзейнічаная была большая частка авіяцыі нашых ВПС, усе авіяцыйныя базы, усе тыпы самалётаў прымалі так ці інакш удзел у вучэннях», – пахваліўся ў эфіры тэлеканалу СТВ палкоўнік Леанід Давідовіч.

Мэта вучэнняў, згодна з афіцыйнымі заявамі, палягала ва ўдасканаленні адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны, а таксама ў прыкрыцці дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў ад удараў сродкамі паветранага нападу.

«Любая актыўнасць, змена ў схеме нейкіх вайсковых кампанентаў як Расеі, так і Беларусі, сумесныя дзеянні ва ўмовах вайны заўсёды выклікаюць насцярожанасць», – разважае вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка.

Адметна, што на пачатку траўня ў Беларусі адбылося правяранне сілаў супрацьпаветранай абароны. Тады Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў цэнтральны камандны пункт Вайскова-паветраных сілаў і Войскаў паветранай абароны і як быццам застаўся задаволены:

«Усе цэлі – вы з імі справіліся, дзе трэба паразілі, дзе трэба прымусілі да пасадкі. Ну, малайцы! Адное толькі: калі гэта ўсё нечакана, раптоўна і сумленна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лётна-тактычныя вучэнні Узброеных сілаў Беларусі і Расеі на Берасцейскім палігоне. 26 студзеня 2023 года.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Telegram

Зрэшты, усяго праз тыдзень Лукашэнка звольніў кіраўніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў Віктара Гулевіча, які справаздачыўся яму пра хаду таго правярання. Але чаму Лукашэнка так хвалюецца наконт бяспекі абʼектаў на тэрыторыі Беларусі? І што гэта могуць быць за абʼекты?

«Нашыя спецслужбы знішчаюць па чарзе расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы, і ўсё больш і больш паліва ідзе з Беларусі, – кажа палкоўнік запасу ЗСУ ў адстаўцы Раман Світан. – Два беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку максімальна грузяць дызель і авіяцыйнае паліва менавіта на Расею і для расейскай арміі, таму справа часу калі дойдзе чарга і да гэтых заводаў».

31 траўня міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс выказаўся аб правамернасці нанясення Украінай удараў па расейскіх вайсковых абʼектах на тэрыторыі Беларусі. Гэта першая такая заява афіцыйнага прадстаўніка краіны NATO. Ёй папярэднічаў дазвол, дадзены Украіне яе саюзнікамі, на атакаванне заходняй зброяй цэляў на тэрыторыі Расеі.

Ян Федаровіч, «Белсат»