На далёкай дузе: што дасць Лукашэнку Манголія?


Традыцыйна шчодры на кампліменты госць. Візіт у Манголію дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам афіцыйна завяршаецца 4 чэрвеня, фактычна ж ён скончыўся на дзень раней – бізнес-форумам і сустрэчай у юрце: Лукашэнкі і прэзідэнта Ухнаагійна Хурэлсуха.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Такое ўражанне складваецца, што Хурэлсух – ён проста выкарыстоўвае Лукашэнку дзеля таго, каб прадэманстраваць: а глядзіце, дыктатура – гэта не так кепска. Маўляў, абвінавачваюць гэтага сімпатычнага дзядульку ў нейкіх там іранічных заскоках, а паглядзіце, насамрэч ён не такі. Ён хоча шчасця і сваёй дзяржаве, і сяброўства з манголамі», – зазначае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Ці дапамогуць ліслівыя кампліменты зарабіць мільёны на супрацы з Манголіяй? Дзяржаўныя медыі Беларусі адрапартавалі пра падпісанне падчас сустрэчаў 13 дакументаў на 20 мільёнаў долараў. Улічваючы ўсяго 40 мільёнаў таваразвароту паміж краінамі, падаецца, няблага.

«Хутчэй за ўсё гэта нейкія пачатковыя крокі: давайце вы возьмеце ў нас некалькі адзінак тавараў такіх, мы пачакаем з аплатаю, нічога страшнага, вы паспрабуеце. Але ў нас на паперы затое будзе, што мы супрацоўнічаем, наш таваразварот расце», – мяркуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Манголія – краіна так званай далёкай дугі, дзе Лукашэнка працягвае шукаць сяброў, а з імі і бізнес-партнёраў. Паміж Менскам і Улан-Батарам – амаль 7 тысяч кіламетраў. Ды і самая Манголія хоць і імкліва развіваецца, але паводле рэйтынгу валавога ўнутранага прадукту – у другой сотні.

Візіт у Манголію дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Улан-Батар, Манголія. 3 чэрвеня, 2024.
Фота: Rentsendorj Bazarsukh / Reuters / Forum

«Беларусь можа Манголіі прапанаваць толькі нейкія тавары, якія вырабляе машынабудаўнічая галіна. Гэта сельскагаспадарчая тэхніка, нейкія машыны, абсталяванне. Але зноў жа трэба разумець, што гэта ўсё можна замовіць у Кітаі і ў Расеі», – кажа Аліса Рыжычэнка.

Як трэба паводзіцца, знаходзячыся паміж дзвюма вялікімі дзяржавамі, а таксама як трымаць уладу? Гэтаму Лукашэнка спрабаваў вучыць прэзідэнта Манголіі.

Мангольскіх журналістаў, якія напісалі пра Лукашэнкава падтрыманне ўзброенай расейскай агрэсіі супраць Украіны, ён назваў ангажаванымі. Да таго ж у сваім выступе апраўдваў Пуціна ў ягонай агрэсіі супраць Украіны, параўноўваючы гаспадара Крамля з Чынгісханам. Маўляў, у Пуціна не было выбару.

«Пуцін яго дзеля гэтага і запусціў туды, каб яшчэ свой меч там падправіць. А Чынгісхан для Манголіі – вядома, вялікая фігура гістарычна, гіганцкая, нават не ведаю, з кім параўнаць. І зноўку, чаго ў Лукашэнкі не аднімеш, гэта таго, што ён можа на любую зададзеную тэму несці ўсё што заўгодна», – гаворыць Яўген Красулін.

Вынік перамоваў ва Улан-Батары – не толькі падпісанне кантрактаў на продаж беларускай тэхнікі ў Манголію, пра што пішуць лукашэнкаўскія медыі. Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў прапанаваў мангольскім калегам абмен досведам, а таксама форму, якую для іх, маўляў, могуць шыць беларускія вязні.

Алесь Яшчанка, «Белсат»