У Беларусі на школьных іспытах па гісторыі хочуць зрабіць абавязковымі пытанні па «Вялікай Айчыннай»


Сталін, георгіеўская стужка, фота ветэранаў і дзіця ў пілотцы. Гэтыя здымкі ад мінулага 9-га траўня як ілюстрацыя беларускага культу Другой сусветнай вайны, якую прапаганда называе «вялікай айчыннай». Але нават і гэткага набору недастаткова, каб выхаваць, у двукоссі, «сапраўдных патрыётаў», палічылі сёлета ў Міністэрстве адукацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У нас ёсць курс вельмі добры, у 2004 годзе распрацаваны, “Вялікая Айчынная вайна савецкага народу ў кантэксце Другой сусветнай вайны”. Ён вельмі падрабязны, і калісьці, на жаль, ад яго адышлі», – сказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай.

Гэты факультатыў рэанімуюць не проста так. Кадлубай абяцае: у кожным білеце на школьных іспытах па гісторыі абавязкова будзе пытанне аб «вялікай айчыннай». Калі курс анансаваны як рэкамендацыйны, а пытанні з яго будуць у кожным білеце, ці не парушае гэта правоў вучняў? Несумненна парушае, як і ўсё, што цяпер робіць Міністэрства адукацыі, лічыць кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

«Па шматлікіх аспектах. І па аспектах арганізацыі навучальнага працэсу, і, у прыватнасці, па кантролі над зместам адукацыі, якое цяпер усталёўвае Міністэрства адукацыі, змяняючы праграму навучальную – рознага роду курсы, звязаныя з мілітарызацыяй, так скажам», – лічыць кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

Другое пытанне: з якімі ведамі сучасныя школьнікі пойдуць у дарослае жыццё? Бо гісторыя Другой сусветнай падаецца даволі аднабакова – так, як выгадна нашчадку савецкай улады. Часам увогуле падмяняюцца паняткі, кажа гісторык Аляксандр Пашкевіч.

«Ледзь бел-чырвона-белы сцяг не з‘явіўся падчас Другой сусветнай вайны ўпершыню. Кажуць, што беларускія нацыянальныя арганізацыі ўдзельнічалі ў правядзенні так званага генацыду беларускага народу, як у нас яго трактуюць. Карацей, тут у гэтым плане не шкадуюць чорнай фарбы», – кажа гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Якіх яшчэ фарбаў у Беларусі дастаткова, дык гэта зялёнай і чырвонай. Улюбёнае спалучэнне беларускіх ідэолагаў хутка можна будзе пабачыць на парадзе перамогі 9-га траўня. Рыхтуюцца да яго поўнаю хадою. Вось такія лісты, да прыкладу, рассылаюцца па магілёўскіх школах. У іх прапісана ўсё: ад лозунгаў да атрыбутыкі, якую варта мець пры сябе. З новага ў гэтым годзе – блогерскія групы ад кожнай установы. Сітуацыя цалкам адпавядае разуменню намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова. У супольным з Кадлубаем эфіры ён прапанаваў з дзяцінства выхоўваць «сапраўдных патрыётаў».

«Нашая супольная праца з Міністэрствам адукацыі, з нашымі палітыкамі, з нашымі палітолагамі, з нашым тэлебачаннем у нас вельмі, вельмі добра атрымліваецца. Мы рыхтуем патрыётаў з самага дзяцінства».

Летась у вучняў 5–6 класаў з’явіліся факультатывы па патрыятызме і духоўнасці. А ў некаторыя школы прыйшлі ваенрукі. Больш шчыльнае вывучэнне «вялікай айчыннай» арганічна ўпісваецца ў курс на мілітарызацыю.

Надзея Бельская, «Белсат»