Дзень (не)свабоды прэсы ў Беларусі


Сусветны дзень свабоды друку пачалі адзначаць 28 гадоў таму па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН. У Беларусі ж падставаў святкаваць бракуе. У рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў» мы амаль пры канцы – на 158-ым месцы са 180-ці. Беларусь прызнаная самай небяспечнай для журналістаў краінай у Еўропе.

Сітуацыя выглядае лепш нават у суседняй Расеяй, якая мае 150-е месца. Забяспечванне свабоду слова асабліва пагоршылася пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў ды катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, пра што распавядалі незалежныя медыі.

«Самае галоўнае – гэта сістэмнасць ціску на незалежныя медыя. Гэта і крымінальныя справы супраць нашых калег, і адміністрацыйны пераслед, затрыманні, арышты. і ціск на інтэрнэт-выданні, абмежаванне доступу да іх, і перашкода для распаўсюду друкаваных незалежных выданняў», – сцвярджае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Ціск зазнаюць і карэспандэнты «Белсату», якія штодня даносяць інфармацыю, нягледзячы на небяспеку затрымання. Гэтак, нашая журналістка Аліна Скрабунова вырашыла часова з‘ехаць з краіны. Ад пачатку выбарнай кампаніі яна атрымала 4 содні арышту, 19 штрафаў, спазнала тры затрыманні.

«Гэта такая бясконцая карусель – у цябе скончыўся адзін пратакол – пачынаецца наступны. Ад цябе адчапіўся адзін міліцыянт, напрыклад з Чэрыкаўкага раёну – прыязджае з Чавускага», – распавядае Аліна Скрабунова.

Цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 11 журналістаў. З пачатку выбарчай кампаніі ў дачыненні працаўнікоў медыяў зафіксавана больш за 500 затрыманняў, не менш за 60 выпадкаў гвалту з боку сілавікоў, больш за 100 адміністрацыйных арыштаў, дзясяткі ператрусаў.

Ціск аказваюць таксама на блогераў, і на папулярныя тэлеграм-каналы. На мінулым тыдні Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю апублікавала спіс 40 Тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Ведамства заявіла, што падпіска на гэтыя каналы і чаты прывядзе да адміністрацыйнай адказнасці. Менчукі падзяліліся сваім меркаваннем аб свабодзе слова ў краіне.

«Калі б я сказаў усё, што ў мяне ў думках – мяне пасадзяць за гэта. Ніякай свабоды слова тут няма».

«Нас саджаюць у вязніцы, людзі адбываюць тэрміны, людзей мучаць, над людзьмі здзекваюцца. Таму якая тут свабода слова можа быць?»

«Я думаю, што ўсім відавочна, што яно парушаецца, ніяк не выконваецца абсалютна. Ну няма ў нас свабоды слова ў краіне. Калі хтосьці штосьці скажа не тое, то адразу ж вораг народу – ну і самі ведаеце, што далей. За краты».

Ціск зазнаюць і тыя, хто абараняе журналістаў. Адвакат нашай калегі Кацярыны Андрэевай вырашыў выехаць у Літву. У сакавіку яго пазбавілі ліцэнзіі.

«Калі мы паглядзім на тых, хто быў пазбаўлены ліцэнзіі, то абсалютная бальшыня з іх актыўна выказвалася па пазіцыях у краіне. Таму я лічу, што гэтае пазбаўленне ліцэнзіі наўпрост звязана з выказваннем сваёй думкі. Таму я абсалютна згодны з пазіцыяй, што з-за пазбаўлення ліцэнзіі таксама ёсць ціск і мы кажам пра парушэнне права на свабоднае выказванне сваёй думкі, на свабоду слова», – лічыць адвакат Сяргей Зікрацкі.

Нашых калегаў Кацярыну Андрэеву і Дар‘ю Чульцову асудзілі на два гады зняволення. Журналісткі вялі стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску, асудзілі ж дзеўчын за нібыта арганізацыю пратэсту. Кацярына і Дар’я выйдуць на волю 20 лістапада 2022 года.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»