Дэвальвацыя беларускага дыплому


Ужо распачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. І доўжыцца яна будзе да 1 чэрвеня. Сёлета падаць заяву можна асабіста ці онлайн на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў. Колькасць беларусаў у замежных навучальных установах гвалтоўна ўзрасла. Тысячы беларусаў абмінаюць айчынныя ВНУ.

Апошні званок у школах празвініць 29-га траўня. Потым 11-класнікаў чакаюць экзамены, выпускны і цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета ЦТ стартуе 16-га чэрвеня, традыцыйна – з беларускай мовы. Парогавыя балы, з якімі ў абітурыентаў прымуць дакументы ў ВНУ і каледжы, сёлета знізілі. Напрыклад, 25-ці балаў па беларускай ці расейскай мове хопіць, каб падацца на філолага.

«Планка балаў па ЦТ ужо даўно не адлюстроўвае ўзроўню ведаў», – адзначае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка:

«Сістэма ЦТ накіраваная на тое, каб яе неяк так «падкруціць», каб штогод яна выдавала больш-менш прыстойныя вынікі. Пры гэтым узровень можа або зніжацца, або, наадварот, станавіцца больш складаным. З навуковага пункту гледжання, калі методыка даследавання падганяецца пад нейкі вынік, гэта адразу нівелюе любыя вынікі».

Беларусь прынялі ў Балонскі працэс у 2015 годзе, аднак рэспубліканская сістэма вышэйшай адукацыі не адпавядала еўрапейскім патрабаванням, у тым ліку не забяспечыла гарантыі акадэмічных правоў і свабодаў.

Паводле Вадзіма Мажэйкі, крымінальныя справы супраць студэнтаў ды ўтрыманне ў СІЗА КДБ куды больш адлюстроўваюць падыходы беларускай адукацыі да студэнцкага самакіравання, чым фармальнае сяброўства ў Балонскім працэсе. Да прыкладу, былы студэнт медычнага ўніверсітэту Міхась Хасіневіч, баючыся пераследу, выехаў за мяжу. Маладзёна адлічылі не праз акадэмічную запазычанасць, а праз ягоную грамадзянскую пазіцыю.

«Не дазваляюць выказваць сваё меркаванне, бо дзяржава не хоча ніякай актыўнасці грамадзянаў, не хоча ніякіх арганізацый грамадзянаў. Яны гэтага, вядома, баяцца, таму што любая арганізацыя гарызантальная, калі ім не кажуць, што рабіць зверху, а яны самі вырашаюць, як ім жыць, – гэта небяспечна для існай сістэмы», – кажа Міхась.

Вучобу Міхась збіраецца працягнуць, але не ў Беларусі, а ў Літве або Польшчы. З пачатку рэпрэсіяў пасля прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне, са жніўня летась, у Польшчу з’ехалі вучыцца яшчэ 1300 студэнтаў. Агулам вышэйшую адукацыю ў заходняй суседцы атрымліваюць 9,7 тысяч беларусаў. У тым ліку і мянчук Мікіта Семяненка:

«Да студэнта ставяцца як да нейкага калектыўнага, якое трэба выхаваць згодна з патрэбамі дзяржавы: зрабіць з яго сумленнага грамадзяніна, зрабіць з яго добрага патрыёта, супрацоўніка якога-небудзь дзяржаўнага прадпрыемства; а не як індывіда – чалавека, які павінен дыскутаваць, спрачацца, адкрываць для сябе новае».

Адток аўчынных студэнтаў за мяжу Вадзім Мажэйка звязвае не столькі з палітычнымі матывамі, колькі з прагматычнымі. Паводле адмыслоўца, калі з узроўнем адукацыі агулам ёсць праблема, гэта не заўсёды сведчыць пра нізкую якасць карʼеры будучага спецыяліста: нават з рэгіянальных ВНУ можа выйсці прэзідэнтка.

Каця Малей, «Белсат»