У Гаазе падтрымалі ідэю стварыць спецтрыбунал для Расеі


У Расеі плануюць сканфіскаваць амаль палову яе валютных рэзерваў, замарожаных за мяжой, і скіраваць іх у фонд падтрымання Украіны. Гэта папярэдняя дамоўленасць па выніку сустрэчы на тэму аднаўлення справядлівасці для Украіны, што прайшла ў Гаазе. Выпадак можа стацца беспрэцэдэнтным. Бо дасюль ніколі ядравую дзяржаву – адну з пяці сталых сябраў Рады Бяспекі ААН – не спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за акты агрэсіі, здзейсненыя падчас вайны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Як вынікае з дакументу, калі ўдасца ажыццявіць такую прапанову, гэта станецца самаю маштабнаю канфіскацыяй грашовых актываў з часу Вэрсальскай дамовы, паводле якой пасля Першай сусветнай вайны пад прымусовыя выплаты трапіла Нямеччына. Словы гучныя, але што за імі стаіць?

«Здаецца, што яснасці тут не шмат. Я баюся, што ўсё скончыцца тым, што дадуць толькі працэнты – гэтая сума на два парадкі ніжэй, чым самі актывы. Перададуць іх ураду Украіны, скажуць – “карыстайцеся, як хочаце”, а потым будуць казаць: “Ну, мы ж вам адправілі гэтыя расейскія грошы, што вы ад нас яшчэ просіце дапамогі?”» – распавядае адвакат, дапушчаны да практыкі ў Міжнародным крымінальным судзе Сяргей Галубок.

Гаворка пра 285 мільярдаў долараў расейскіх актываў, замарожаных на Захадзе.

Паводле «Financial Times», бальшыня тых расейскіх актываў – у бельгійскім дэпазітарыі і банках Францыі. Доля астатніх краінаў у блакаванні актываў значна меншая.

Да сумы, якую могуць перадаць Украіне, трапілі таксама і замарожаныя сродкі прыватных асобаў, якія застаюцца пад персанальнымі санкцыямі. Але працэс іх перадачы можа расцягнуцца на гады. І гэтая сума пакрые толькі палову ваенных стратаў Украіны. Яшчэ раней Крэмль папярэджваў, што збіраецца аспрэчваць такога кшталту рашэнні ў Міжнародным судзе.

Вялікую ўвагу на пасяджэнні надалі стварэнню адмысловага трыбуналу наконт актаў агрэсіі, учыненых Расеяй на тэрыторыі Украіны.

«Чатыры катэгорыі злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы і генацыд адносяцца да юрысдыкцыі міжнароднага крымінальнага суда. Злачынствы агрэсіі не валодаюць якім-небудзь міжнародным судом, які мог бы прыцягваць да адказнасці. І злачынствы агрэсіі важней, на мой погляд, таму што яны пра тое, як вайна пачалася», – дадае Галубок.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Суд у Гаазе.
Фота: wikimedia.org

Але ў дакуменце няма ніякай канкрэтыкі. На сустрэчы не абмяркоўвалі правілаў функцыянавання такога органу ці тэрмінаў яго стварэння. Як і не разглядаліся захады ў дачыненні хаўруснікаў Пуціна ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

«Мы лічым важным стварэнне асобнага трыбуналу па актах агрэсіі супраць Украіны і мы падтрымліваем дзеянні міжнароднай супольнасці, канкрэтных краін дзеля таго, каб падобны трыбунал паўстаў. Юрыдычна, у Лукашэнкі не будзе магчымасці пазбегнуць адказнасці, калі будзе створаны трыбунал па актах агрэсіі», – кажа кіраўнік НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Больш за тое, прыцягнуць змогуць і ягоных набліжаных, што спрычыніліся да злачынстваў. Пакуль жа прадстаўнікі НАУ намагаюцца, каб Лукашэнка ды іншыя прыхільныя рэжыму, датычныя да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў, атрымалі статус ваенных злачынцаў у Гаагскім судзе. Летась яго займеў Уладзімір Пуцін. Цяпер яму пагражае арышт на тэрыторыі 123-ох краінаў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»