Якую рэакцыю выклікала смерць расейскага «ваенкора» Татарскага?


«Бандэраўскія тэрарысты, а ў мяне няма сумневаў што гэта яны, забілі ваенкора-апалчэнца Уладлена Татарскага», – гэтак  на смерць «ваенкора» Татарскага адрэагаваў Азаронак – адзін з вядомых прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі. Рэакцыя іншых абмежавалася хіба што рэпостамі расейскіх калегаў. Хаця ёсць і выняткі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Украіна – тэрарыстычная дзяржава. Без веры. Без сумлення. Без маралі. Сёння Банкавую ў Кіеве, як на мяне, улічваючы настроенасць уладаў як рассадніку тэрарыстаў, яе прасцей спаліць напалмам і пачаць усё нанова, чым дамаўляцца з такімі стварэннямі», – упэўненая прапагандыстка Лебедзева.

«Гэтая вайна тычыцца ўсіх знакавых людзей, якія думаюць з нашага боку. Будзем змагацца да перамогі», – кажа ейны калега Дзермант.

Мерапрыемствы па ўшанаванні памяці расейскага прапагандыста правялі і ў беларускіх школах. Гэтак стала вядома, што ў гомельскім Рускім доме да акцыі жалобы прыцягнулі навучэнцаў 59 сярэдняй школы. Ініцыятарам стаў былы памежнік і прыхільнік «рускага міра» Дзмітрый Уклейка.

Блогер і прапагандыст Уладлен Татарскі загінуў проста падчас уласнага творчага вечару, які праходзіў у гэтак званым патрыятычным кафэ Санкт-Пецярбургу. Ва ўстанове, якая належыць галоўнаму вагнэраўцу Яўгену Прыгожыну, адбыўся выбух. Некалькі дзясяткаў асобаў трапілі ў шпіталь з раненнямі, Татарскі ж загінуў на месцы. На меркаванне следства, да забойства датычная жыхарка Санкт-Пецярбургу Дар’я Трэпава, якая нібыта прынесла ў кафэ статуэтку з выбухоўкай.

Расея назвала гібель Татарскага тэрактам ды абвінаваціла ў ім украінскую выведку і фонд па барацьбе з карупцыяй Навальнага. Дарадца кіраўніка офіса Уладзіміра Зяленскага Міхаіл Падаляк зняпраўдзіў датычнасць Украіны. Ён назваў тое, што адбылося ў Пецярбургу, «унутраным тэрарызмам». Падобнага меркавання прытрымліваецца і былы дэпутат дзярждумы Расейскай Федэрацыі Ілля Панамароў:

«Усе падобныя акцыі на тэрыторыі Расеі – гэта справа саміх расейскіх партызан. Украінскія сілы дзейнічаюць у вельмі вузкай паласе прылеглай да Украіны і вырашаюць тыя ці іншыя выключна вайсковыя задачы».

Адметна, што забойства Татарскага – не адзінкавы выпадак гвалтоўнай смерці расейскага прапагандыста цягам апошняга году. Раней з дапамогай выбухоўкі была забітая Дарʼя Дугіна. Пры загадкавых абставінах загінуў калабарант-ідэолаг Кірыл Стрэмаўсаў, а таксама нацыяналіст-паліттэхнолаг Ігар Мангушаў.

«Акрамя гэтых людзей, якіх забілі, ёсць даўняя традыцыя прыбіраць розных дзеячаў, якія былі звязаныя з вайною Расеі на Данбасе. Усе гэтыя Гіві, Матарола, Захарчанка. Усе яны гінулі падобным чынам, – разважае палітолаг, выкладчык Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэту імя Тараса Шаўчэнкі Пятро Аляшчук. – Як правіла, іх усіх узрываюць. На маю думку, знішчаюць такіх людзей, якія мелі сувязь з расейскімі спецслужбамі ды маглі што-небудзь расказаць з тых ці іншых прычынаў».

Чалец Каардынацыйнай Рады, блогер Ян Рудзік не мае пэўнасці наконт выканаўцаў ды заказчыкаў забойства. Але лічыць, што гэты выбух псіхалагічна паўплывае на праўладных калегаў Татарскага ў Беларусі.

«Для іх гэта будзе карысна, таму што яны павінныя разумець, ва што яны ўвязаліся, хто іх хаўруснік і што дзяржава не заўсёды іх можа абараніць, а можа часам сама іх “кінуць”. Таму, хлопцы, думайце, што будзе далей», – звяртаецца да прапагандыстаў Рудзік.

«Усіх пераможам, усіх забʼём. Усіх, каго трэба, абрабуем. Усё будзе, як мы любім. Давайце, з богам», – казаў цяпер ужо памерлы Татарскі.

Уладлен Татарскі (сапраўднае імя Максім Фамін) нарадзіўся ў Данецкай вобласці Украіны. Быў асуджаны за рабаванне банку, але выйшаў на волю ў 2014-ым, калі ўладу ў рэгіёне захапілі прарасейскія сепаратысты. Праз некалькі гадоў Фамін пераехаў у Маскву, дзе пачаў весці тэлеграм-канал, у якім нярэдка публікаваў заклікі да забойства ўкраінцаў ды вітаў анексію часткі Украіны восенню мінулага году.

Ян Федаровіч «Белсат»