Узброеныя сілы Беларусі паведамілі аб праверцы сваёй баявой гатовасці


Увага, на беларускіх дарогах будзе шмат баявой тэхнікі. Кіроўцам варта захоўваць асцярожнасць і дыстанцыю. Прычына наступная: узброеныя сілы, падкантрольныя Аляксандру Лукашэнку, сёння паведамілі аб праверцы сваёй баявой гатовасці. Потым сакратар лукашэнкаўскага Саўбезу Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што праверка боегатовасці аднаго з падраздзяленняў носіць планавы характар і ўключае пераход на ваенны рэжым. Усё гэта на фоне ядравых пагрозаў Масквы з тэрыторыі Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі ідзе раптоўная комплексная праверка баявой гатовасці Узброеных сілаў, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку. Адна з вайсковых частак будзе праводзіць прызыў вайсковаабавязаных, пастаўку баявой тэхнікі з выхадам з вайсковага гарадка, удакладніў генерал-лейтэнант Аляксандр Вальфовіч. Неназваная вайсковая частка цэлы месяц будзе на ваенным становішчы.

«Будзе закранаць розныя палігоны, участкі мясцовасці не толькі ў раёне дыслакацыі дадзенага падраздзялення, але і на тэрыторыі ўсёй РБ. У тым ліку з выхадам да дзяржграніцы, як закладзена ў планах падрыхтоўкі дадзенага злучэння. Гэта значыць, будзе адпрацаваны поўны комплекс мерапрыемстваў у адпаведнасці з задачамі і прызначэннем дадзенага злучэння ВС РБ», – заявіў сакратар Савету бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.

Асобнае паведамленне Мінабароны Лукашэнкі аб комплекснай і раптоўнай праверцы пад кіраўніцтвам Савета бяспекі прагучала адразу пасля заяваў расейскага амбасадара Барыса Грызлова аб тым, што тактычную ядравую зброю ў Беларусі пасунуць да заходніх межаў.

«Да 1 ліпеня будзе падрыхтаванае сховішча для размяшчэння тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі. Яна будзе прысунутая да заходніх граніц нашай Саюзнай дзяржавы і будзе павышаць магчымасці забеспячэння нашай бяспекі. Гэта будзе зроблена, нягледзячы на шум у Еўропе і ЗША», – казаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ амбасадар РФ у Беларусі.

Жыхары Еўразвязу, асабліва на мяжы з Беларуссю, успрымаюць такія навіны негатыўна. Вось што кажуць жыхары Беластоку:

«Мы ўсе гэтага баімся, прынамсі тут, бліжэй да гэтага “бацькі Лукашэнкі”».

«У цэлым мне падабаюцца і беларусы, і расейцы, і ўкраінцы. Гэта нашыя браты для палякаў».

«Гэта хіба рашэнне Расеі. Можа быць, Еўразвяз можа ўздзейнічаць у гэтай справе».

«Вельмі кепская справа, нас увесь час запужваюць. Але спадзяюся, як Пуцін атрымае па срацы ва Украіне, то і рэжым Лукашэнкі разваліцца».

Агучаныя Грызловым планы супадаюць з папярэднімі заявамі Уладзіміра Пуціна – такі каментар атрымаў «Белсат» у Еўрапейскай Камісіі. А план Пуціна ў тым, што ў Беларусі размесцяць 10 самалётаў Су-25 і ракетны комплекс «Іскандэр» са спецыяльнай баявой часткай.

«Заява Уладзіміра Пуціна – частка небяспечнай і безадказнай ядравай рыторыкі, калі Пуцін спрабуе выкарыстаць ядравую зброю як сродак стрымаць нас ад перадачы дапамогі Украіне», – заявіў сёння ў Бруселі Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO.

Як нагадаў сёння генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу, Расея паслядоўна парушала свае абавязальніцтвы, зусім нядаўна прыпыніўшы свой удзел у новай Дамове аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў.

«NATO захоўвае пільнасць, мы ўважліва сочым за дзеяннямі Расеі. Але пакуль мы не заўважылі нейкіх зменаў у ядравай палітыцы Расеі, якія б прымусілі нас да зменаў у нашай ядравай палітыцы», – падкрэсліў Енс Стольтэнбэрг.

Пры гэтым кантроль над тактычнай ядравай зброяй у Беларусі застанецца ў расейцаў, насуперак папярэднім заявам Аляксандра Лукашэнкі. Гэта вынікае з сённяшніх тлумачэнняў прэсавага сакратара Уладзіміра Пуціна.

«Прапаную вам арыентавацца на ўдакладненні Уладзіміра Пуціна, якія ён зрабіў у інтэрв’ю Паўлу Зарубіну, ён там пра гэта казаў», – адказаў журналістам Дзмітрый Пяскоў.

«Аляксандр Лукашэнка даўно ставіў пытанне, каб размясціць тактычную ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. Тут няма нічога незвычайнага. ЗША робяць гэта на працягу дзесяцігоддзяў. Мы не перадаем. І ЗША сваім саюзнікам не перадаюць. Мы, у прынцыпе, робім усё тое ж самае, што яны рабілі дзесяцігоддзямі. Яны маюць у пэўных краінах саюзнікаў і рыхтуюць іх носьбіты, іх жа рыхтуюць экіпажы. Мы тое ж самае збіраемся рабіць», – заяўляў Пуцін яшчэ 25 сакавіка.

«Трэба будзе – мы з Пуціным вырашым і ўвядзем сюды, калі трэба, і стратэгічную зброю. Яны гэта павінны разумець, мярзотнікі там, за мяжой, якія спрабуюць нас сёння ўзарваць знутры і звонку. Мы ні перад чым не спынімся, абараняючы свае краіны, свае дзяржавы і свае народы», – крычаў са сцэны Лукашэнка, выступаючы з пасланнем да беларускага народу 31 сакавіка.

Тады ж Аляксандр Лукашэнка распавёў, што загадаў ваенным неадкладна аднавіць пляцоўкі для запуску міжкантынентальных балістычных ракет «Топаль-М».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»