«Вы не армія, вы вырадкі, зборышча дэбілаў». У Бучы цывільных расстрэльвалі ў патыліцу


Буча. Некалі спакойнае і квітучае прадмесце Кіева адыходзіць пасля жаху расейскай акупацыі. Дзясяткі трупаў цывільных ляжаць проста на вуліцах. Пасля вызвалення ў горадзе знайшлі брацкую магілу, у якой пахаваныя каля трохсот чалавек.

«Нават для вайскоўцаў гэта негуманнае стаўленне да цывільнага насельніцтва. Як прыклад прывяду, на вуліцы Яблунскай ляжаць расстраляныя людзі з завязанымі за спінай рукамі, з белымі «мірнымі» кавалкамі тканіны, расстраляныя ў патыліцу. Уявіце, якія бясчынствы яны тут чынілі», – зазначыў мэр Бучы Анатолій Фэдарук.

Украінскі журналіст Дмытро Камароў распавёў: акупанты мэтанакіравана забівалі мужчынаў:

«Я сваймі вачыма бачыў, на дарозе за кіламетр адсюль ляжаць целы маладых людзей, у іх звязаныя рукі і надзетыя каптуры. Гэта супадае з тым, што мне распавядалі. Знішчалі мужчынскае насельніцтва 18–60 гадоў, усіх маладых, здаровых проста расстрэльвалі».

Жыхары, якім удалося схавацца ад расейскіх войскаў, сведчаць, што цудам засталіся жывыя.

«У скляпенні сядзелі 2 тыдні. Ежа была, але не было ані святла, ані газу, нічога. На свечках грэлі ваду, каб сагрэцца. Бутэлькі сюды клалі, каб сагрэцца, цёплую ваду піць», – распавядае пажылы жыхар Бучы Васіль.

«Двойчы я вярнулася з таго свету. Адзін раз выйшла з пакою, і куля прабіла акно, і ў шкло, і ў шафе захрасла. А другі аскепак снараду ледзь не трапіў у нагу. А трэці раз я ішла і не ведала, што ён стаіць з аўтаматам, і ён стрэліў міма мяне», – расказвае са слязьмі 74-гадовая жыхарка Бучы Марыя Жалезава.

Падобная сітуацыя і ў Ірпіні – яшчэ адным прадмесці ўкраінскае сталіцы, якое, як і Буча, каля 4 тыдняў заставалася пад расейскай акупацыяй. Разбураныя дамы і сотні трупаў цывільных жыхароў.

«Тут у сям’ю 5-га трапіў снарад. Адразу дзіця 12-гадовае, і мужчыну, не ведаю, кім прыходзіцца… Іх забілі, яны згарэлі зажыва, у нас тут», – сведчыць Лілія Рыстыч з Ірпіні.

Масавае пахаванне цывільных жыхароў знайшлі і ў Матыжыне. З-пад насыпу пяску відаць часткі чалавечых целаў. Яшчэ адзін горад Кіеўскай вобласці – Барадзянка – быў цалкам знішчаны. На трасе за 20 кіламетраў – трупы 4–5 згвалтаваных жанчын. Аголеныя целы былі загорнутыя ў дыван, расейцы спрабавалі іх спаліць.

«Я іх ненавіджу, ненавіджу іх усім сэрцам. Раней я ставіўся да іх нармальна, у мяне былі сябры з Расеі, думаю, цяпер іх не засталося. Няма ніякага даравання за тое, што тут нарабілі», – гаворыць у Іван Калегін, украінскі жаўнер-добраахвотнік, які ўвайшоў у Ірпінь.

Адступаючы з Кіеўшчыны, расейцы кінулі сваю ўніформу і нават зброю, а таксама частку нарабаванай ва ўкраінцаў маёмасці: у тым ліку ўкраінскія грыўні і побытавую электроніку.

Украінскія вайскоўцы ў вызваленым Гастомэлі не разумеюць, чаму акупанты не толькі не забралі трупы сваіх афіцэраў, але нават не захацелі іх пахаваць:

«У вас нават няма братэрства міжсобку. Як можна не пахаваць сваіх? Гэта ж яны ні пад агнём, ні пад абстрэлам, вы стаялі тут некалькі тыдняў. І за гэты час нават не пахавалі сваіх. Вы не армія, вы вырадкі, зборышча дэбілаў».

Баі ў Бучы, Ірпіні ды Гастомэлі пачаліся ў першыя ж дні агрэсіі. Расейская бранятэхніка рынулася ў гэтыя гарады з тэрыторыі падлукашэнкаўскай Беларусі.

З самага пачатку расейцы спрабавалі высадзіць дэсант у прадмесцях Кіева, аднак так і не здолелі пайсці на штурм украінскае сталіцы.

У баях за вызваленне прадмесцяў загінулі ў тым ліку трое байцоў батальёну імя Кастуся Каліноўскага: Ілля Хрэнаў, Аляксей Скобля і Зміцер Апанасовіч.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»