Скасаваныя абмежаванні на мінанне беларускай мяжы


«Жадаю, каб у першую чаргу жонка прыехала, таму што я вельмі сумую і яна сумуе», – гэтак адмену абмежаванняў на мінанне беларускай мяжы каментуе беларускі палітычны ўцякач Руслан.

Часовае прыпыненне выезду з краіны пачало дзеяць у канцы 2020 года – нібыта праз каронавірус. Што дзіўна, мяжы з Расеяй гэтае абмежаванне не датычыла. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа:

«У беларускіх уладаў і ў тым рашэнні, і ў цяперашнім, найперш матывы палітычныя. Бо пасля пратэстаў 2020 года яны спачатку стварылі гэты міф: нібыта што за пратэстамі стаіць Захад, што ён грашыма напампоўвае гэтую «пятую калону», што тут баевікі, зброя вагонамі завозяцца. Я думаю, што яны самі ў гэта паверылі, у гэты міф».

Днямі стала вядома, што прэм’ер Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб адмене абмежаванняў на мінанне мяжы краіны – як грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, так і замежнікамі – у наземных пунктах пропуску. Таксама пастанова рэгулюе ўмовы вызвалення замежнікаў ад ПЛР-тэстаў. Дакумент набыў моц сёння.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, замежнапалітычныя чыннікі цяпер не на карысць беларускаму рэжыму складваюцца. Украінцы ўвогуле ініцыююць закрыццё межаў з Беларуссю, а паколькі Беларусь – гэта транзітная краіна, транзітная эканоміка, урон будзе яшчэ большы. Цяпер рэжым, так бы мовіць, ратуе сітуацыю, хоць ужо цяпер позна яе ратаваць, бо па самыя вушы ўлезлі ў гэтую агрэсію супраць Украіны.

Эксперт кажа, што не трэба ўспрымаць гэтага кроку беларускага рэжыму як паказніку адлігі ці магчымасці палітычным эмігрантам спакойна вяртацца ў Беларусь. Рэжым баіцца новага каталізатара для масавых пратэстаў, таму спрабуе, умоўна кажучы, аслабіць ціск у катле. Маўляў, хочаш выехаць – выязджай.

Аднак, безумоўна, гэты крок уладаў можна трактаваць як нейкі ўмоўна пазітыўны, бо гэта ўсё ж такі нейкая фортка, нейкая аддушына. Людзям будзе прасцей развязваць пытанні, кантактаваць. Дзякуй богу, што і гэта адбылося, кажа Аляксандр.

Таксама беларусы, якія жывуць блізу Еўразвязу, змогуць узнавіць так званы прымежны гандаль. Шмат для каго да 20 снежня 2020 года гэта быў адзіны сродак прыбытку.

Палітуцякач Руслан кажа:

«Сітуацыя паўторыцца з заробкамі, людзі хоць змогуць падзарабіць трошкі, цяпер і паліва пойдзе ў гэты бок».

А паводле беларуса, якія зарабляе ў Літве, зараз будзе прасцей, бо:

«Сям’я ў мяне ўдома, тут зарабляю, іх не бачу. Дык які сэнс, што я зарабляю. Каму і для чаго… Раз на тры месяцы сям’ю бачыць – гэта вельмі цяжка».

Маюць аднавіцца і парушаныя забаронамі гістарычныя сувязі беларускага памежжа. Людзі здолеюць, што для беларускай традыцыі вельмі важна, часцей наведваць магілы продкаў, а таксама бачыцца са сваякамі.

Беларуска, якая жыве ў Літве ўжо 50 гадоў, распавядае, што будзе часцей наведваць сваякоў і магілы ў Беларусі.

Згодна з пастановаю, замежнікам, акрамя расейцаў, для заезду ў Беларусь усё яшчэ неабходны ПЛР-тэст ці сертыфікат аб вакцынацыі. Адметна, што гэтая ўмова не распаўсюджваецца на тых, хто прыбывае ў Беларусь з Украіны. Таксама замежнікі, якія едуць з Украіны да месцаў сталага пражывання, могуць заязджаць на тэрыторыю нашай краіны без візы да 15 красавіка ўключна.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»