Як змянілася тактыка баявых дзеянняў вакол Бахмуту


Суд ва Украіне прысудзіў расейскаму лётчыку дванаццаць гадоў калоніі за парушэнні законаў і звычаяў вайны. Не названы пакуль намеснік камандзіра вайсковай часткі, які год таму браў удзел у нападзе на Харкаў і скінуў на радыётэлевізійную станцыю восем авіябомбаў агульнаю вагою дзве з паловай тоны ў тратылавым эквіваленце. Украінскія сілы падбілі самалёт ды здолелі затрымаць пілота-злачынцу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскае войска тым часам змяніла тактыку баявых дзеянняў вакол Бахмуту. Цяпер расейцы імкнуцца не атачыць горад, а выбіць з яго ўкраінскіх абаронцаў, паведаміў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Але палкоўнік запасу Збройных сілаў Украіны Раман Світан мяркуе, што падставаў для песімізму няма.

«Гэты рубеж абароны – ён убудаваны ў агульны данецкі рубеж абароны ад Угледару да Сіверску. Праводзяцца пэўныя аператыўна-тактычныя дзеянні. Зараз у Бахмуце знаходзіцца камандуючы сухапутнымі войскамі Сырскі. І ён прымае пэўныя рашэнні па дэблакаванні поўначы Бахмуту», – канстатаваў палкоўнік Світан.

А іншы ўкраінскі вайсковы эксперт – Іван Ступак – нагадаў, што вялікія высілкі расейцаў, кінутыя на захоп невялікага ўкраінскага гораду, дагэтуль не далі ніякага выніку:

«Узяць “у лоб” горад Бахмут яны не могуць ужо амаль 8 месяцаў. І горад Бахмут выканаў сваю функцыю, як громаадвод ці хвалярэз, на 150% або 200%. Расейцы там страцілі вялікую колькасць людзей, тэхнікі, часу».

Бахмут застаецца, бадай, самым гарачым пунктам вайны Крамля супраць Украіны. Але баявыя дзеянні працягваюцца шырокім фронтам. На купянскім, ліманскім, бахмуцкім і шахцёрскім кірунках за мінулыя содні абаронцы Украіны адбілі больш чым 85 варожых атак. Расейскае войска нанесла 31 авіяўдар і 3 ракетныя – па цывільнай інфраструктуры ў Данецкай, Запарожскай і Херсонскай вобласцях. Ёсць пацярпелыя сярод мірнага насельніцтва, пашкоджаныя жылыя шматпавярховыя і прыватныя дамы. І гэта будзе працягвацца, пакуль не пераменіцца сітуацыя на фронце. Такім зменам маглі б паспрыяць дадатковыя пастаўкі зброі ўкраінскім абаронцам. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў упэўнены, што заходнія краіны ўсё ж такі пастановяць перадаць Кіеву ваенныя самалёты, як гэта адбылося ўжо ў так званай «танкавай кааліцыі».

«Гэтае пытанне – палітычнае, – патлумачыў Раман Світан. – Яно звязанае, хутчэй за ўсё, з пэўнымі дзеяннямі на гэтых самалётах. Баявы радыус у асноўнага віду самалётаў – за 1000 кіламетраў. Гэта значыць, у прынцыпе, можна дайсці да Урала з баявой задачаю».

Пра неабходнасць дадаткова ўзброіць украінскае войска казаў і амерыканскі генерал Стывэн Тўіці ў эксклюзіўным інтэрв’ю для «Белсату».

«Без сумневу, украінцам неабходна яшчэ багата ўзбраення, каб займець перавагу на фронце. Ім трэба болей танкаў, больш дальнабойнай артылерыі, – заўважыў генерал Тўіці. – Ім патрэбныя знішчальнікі F-16, шмат рэактыўных сістэмаў залпавага агню, неабходныя супрацьпаветраныя сістэмы “Patriot”. Некаторыя з гэтых відаў узбраення прыбываюць ва Украіну акурат цяпер. Але яны патрэбныя крытычна і як мага хутчэй».

А тым часам у Запарожжы працягваецца разбор завалаў на месцы пяціпавярховага жылога дому, зруйнаванага расейскай ракетаю ўначы 2 сакавіка. Колькасць ахвяраў сёння павялічылася да пяці, яшчэ дзесяць асобаў дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Аварыйна-ратавальныя працы працягваюцца, паведамілі ў Запарожскай гарадской радзе.

Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну пацягнула за сабой пагаршэнне праблемаў унутры самой Расеі, заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі ўкраінскага Міністэрства абароны Андрэй Юсаў. Ён таксама зазначыў, што Лукашэнка «не робіць новых крокаў».

А сакратар а бяспекі Украіны Аляксей Данілаў заклікаў адасабляць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі.

«Некаторыя з нашых “гарачых галоваў” кажуць, што нам трэба тэрмінова разгортваць войска і ісці на Беларусь, і гэтак далей, – паведаміў Данілаў у нядаўнім інтэрв’ю. – Я б адасабляў беларускі народ ад беларускіх уладаў. Многія беларусы ваююць на нашым баку, і мы ім за гэта ўдзячныя».

На думку Данілава, Беларусь акупаваная Расеяй у эканамічных ды іншых пытаннях, але не паддаецца і не ваюе з Украінай.

Марына Яновіч, «Белсат»