Як «Вясна» змагалася за правы беларусаў


1996 год. Пасля рэферэндуму Лукашэнкі выбухаюць масавыя пратэсты, а разам з тым – і масавыя затрыманні. Менавіта тады ўтварыўся праваабарончы цэнтр «Вясна», што дапамагаў арыштаваным ды іхным сем’ям.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

2003 год. «Вясну» пазбаўляюць рэгістрацыі. Пасля трох спробаў ўзнавіць яе рада праваабарончага цэнтру пастанаўляе працаваць незарэгістравана. Пачынаецца паўнавартасны пераслед арганізацыі: затрыманні, вобшукі.

«Кампʼютары забралі, флэшкі, тут забралі некалькі паперак. І ўсё. А зараз ва ўпраўленне ДФР. Я так разумею, што будуць зараз нейкія следчыя дзеянні», – паспявае распавесці старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, пакуль яго затрымліваюць.

Кульмінацыяй становіцца арышт старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага летам 2011 года. Абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў. Праваабаронцу прызналі палітвязнем. А офіс вясноўцаў праз год сканфіскавалі.

«Умовы працы, пэўна ж, будуць нейкі перыяд цяжкія, таму што адаптацыя павінна прайсці. Знайсці нейкае адпаведнае памяшканне, таму што зараз гэта ў Беларусі вельмі цяжка, асабліва для “Вясны”, але ёсць планы, ёсць цвёрдае рашэнне, што гэта будзе працаваць і далей», – дзяліўся эмоцыямі праваабаронца Сяргей Сыс.

Выйшаў на волю Алесь Бяляцкі праз тры гады, у 2014.

Алесь Бяляцкі пасля вызвалення застаўся старшынёю праваабарончага цэнтру «Вясна» і працягнуў барацьбу за правы беларусаў, быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, атрымаў каля дзесяці ўзнагародаў за сваю дзейнасць. Улетку дваццаць першага года, калі ўлады пачалі ліквідацыю грамадскіх арганізацыяў, Алеся Бяляцкага зноў затрымалі. Нобэлеўскую прэмію міру праваабаронцу прысудзілі, калі ён ужо быў за кратамі. Атрымлівала ўзнагароду жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук:

«Я веру, бо ведаю: пасля зімы наступае вясна. Я цытавала Алеся Бяляцкага і завяршу выступ воклічамі ягонай душы: свабоду беларускаму народу, свабоду “Вясне”, жыве Беларусь!»

Яшчэ адзін асуджаны ў справе «Вясны» – Уладзімір Лабковіч – юрыст арганізацыі. Сярод іншага, каардынаваў кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары». За кратамі ў вязня пагоршылася здароўе, яму моцна баліць галава, стаў дрэнным сон.

«Адназначна дыскрымінацыйны характар. Ва ўладаў была ўстаноўка не дапусціць нават мізэрную колькасць апазіцыі ў склад камісіі», – дзяліўся вынікамі працы кампаніі Уладзімір Лабковіч.

Таксама адзін з фігурантаў справы «Вясны» – Валянцін Стэфановіч. Праваабаронца актыўна выступае супраць дыскрымінацыі і смяротнага пакарання. Валянцін Стэфановіч – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, удзельнічаў у праваабарончых місіях і назіраннях за выбарамі ў краінах АБСЕ.

«Ніхто на сёння ўнутры краіны абараніць грамадзяніна ад гэтага “беспредела” не можа. Ані органы пракуратуры, ані Следчы камітэт, ані судовая сістэма – гэтага проста больш не існуе», – абураўся Валянцін Стэфановіч.

Але іхны калега Дзмітрый Салаўёў, якога судзілі ў справе «Вясны» завочна, працягвае працу. Як і агулам праваабарончы цэнтр «Вясна», які дагэтуль збірае дадзеныя пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі, сочыць за рэпрэсіямі, палітычнымі судовымі працэсамі ў Беларусі. А таксама дапамагае тым, хто звяртаецца ў арганізацыю.

Яна Шэк, «Белсат»