Як Ціханоўская з'ездзіла ў Фінляндыю


Святлана Ціханоўская скончыла візіт у Фінляндыю. Сёння лідарка беларускай апазіцыі правяла перамовы з кіраўніцай фінскага ўраду, прэм’ер-міністрам Саннай Марын, міністрам замежных справаў Пэкам Хаавістам, прадстаўнікамі фінскага парламенту і АБСЕ ды іншымі афіцыйнымі асобамі.

«Мэта кожнай паездкі – акцэнтаваць увагу на Беларусі, каб не гублялі Беларусь з еўрапейскай павесткі. Час ідзе, і зʼяўляецца шмат іншых пытанняў у Еўразвязе, але Беларусь мусіць стаяць у павестцы дня адной з першых, бо сітуацыя страшная, і нам трэба вельмі тэрмінова вырашыць гэты палітычны, гуманітарны крызіс у Беларусі», – распавяла Ціханоўская «Белсату».

Ціханоўская папрасіла фінаў дапамагчы беларусам, пацярпелым ад гвалту, і распавяла пра апошнія выракі журналісткам Кацярыне Андрэевай, Дарʼі Чульцовай і Кацярыне Барысевіч, медыку Арцёму Сарокіну ды пра палітычны пераслед усіх, хто не згодны з дыктатураю Аляксандра Лукашэнкі.

«Святлана Ціханоўская данесла сурʼёзны сігнал аб парушэннях правоў чалавека, якія працягваюцца ў Беларусі. Затрымліваюць усё больш апазіцыянераў, усё больш іх трапляе ў турму. Жорсткасць міліцыі працягваецца», – падкрэсліў Пэка Хаавіста.

«Беларусь – блізкая Фінляндыі краіна і важны партнёр для Еўразвязу, у тым ліку ў межах праграмы «Усходняе партнёрства», – заявіў пасля сустрэчы міністр замежных справаў Фінляндыі.

«Спадарыня Ціханоўская папрасіла Фінляндыю як чальца Еўрапейскага Звязу як мага хутчэй паспрыяць сурʼёзным перамовам між уладамі і апазіцыяй ды правядзенню сапраўдных выбараў у Беларусі», – распавёў Пэка Хаавіста.

«Фінляндыя як краіна, якая была паспяховая ў шматлікіх перамовах, магла б стаць тым звяном, каб арганізаваць круглы стол для перамоваў пры ўдзеле Расеі», – нагадала Святлана Ціханоўская.

Аб арганізацыі круглага стала для беларускай апазіцыі ды палітычнага рэжыму Лукашэнкі Святлана Ціханоўская размаўляла яшчэ напярэдадні, на сустрэчы з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Нійністэ. Сёння ж яшчэ адным важным заклікам стала просьба да фінскага ўраду ініцыяваць супраць дыктатуры Лукашэнкі чацвёрты пакет санкцыяў Еўразвязу. Прадстаўнікі Фінляндыі заявілі, што падтрымаюць гэтую ініцыятыву, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.

«Фінляндыя, як і іншыя краіны Еўразвязу, мусіць часова спыніць гандлёвыя стасункі з дзяржаўнымі прадпрыемствамі Лукашэнкі, якія зʼяўляюцца кашалькамі Лукашэнкі», – перакананая Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская падзякавала Фінляндыі за спрыянне пераносу хакейнага чэмпіянату свету з Менску, заклікала падтрымаць расследаванне аб датычнасці Дзмітрыя Баскава, старшыні Федэрацыі хакею Беларусі, да забойства Рамана Бандарэнкі. А таксама прапанавала Фінляндыі падтрымаць выключэнне Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу – абʼяднання тэлеканалаў.

Рэшту тыдня Святлана Ціханоўская правядзе ў Лісабоне, дзе сустрэнецца з партугальскімі ўладамі.

«Партугалія цяпер старшынствуе ў Еўразвязе, і можа адыграць вырашальную ролю ва ўвядзенні санкцыяў, дапамозе грамадзянскай супольнасці, у аказанні ціску на рэжым. Таму нельга казаць, што яна неістотная, Партугалія – істотная дзяржава», – падкрэсліла лідарка беларускай апазіцыі.

Потым – паездка ў Швейцарыю на перамовы з парламентарыямі, а таксама з прадстаўнікамі ААН. У Еўразвязе, Злучаных Штатах і Канадзе Святлану Ціханоўскую лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»