«Беларусь 5» заняліся пірацтвам?


Лукашэнка радуецца перамозе Арыны Сабаленкі. А ў ягоным тэлевізары на канале «Беларусь 5» круцяць пірацкую трансляцыю фіналу Australian Open.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яна як галоўны прадстаўнік Беларусі гэтай чырвона-зялёнай у тэнісе перамагла насуперак усяму. Вядома, цяпер яны з гэтага робяць шоу, што вось ва ўсім мы іх так пераможам», – упэўнены журналіст і былы прэс-сакратар хакейнага менскага клубу «Дынама» Раман Шаўцоў.

Шоу зладзіў і рэжысёр: у эфір прарвалася ягоная «просьба» наконт эмацыйнай рэакцыі каментатара:

«Победила! Илья, отрабатываешь. Пи*дец, ори, бл*дь, как я не знаю!»

Спартовы блогер Яраслаў Пісарэнка да 2020 года працаваў каментатарам на канале «Беларусь 5» і нават пазнаў рэжысёра эфіру:

«У тыя часы да спорту было іншае стаўленне. Каментатары, калі гуляла зборная Беларусі, сапраўды вельмі перажывалі. Увогуле спорт быў іншым. Цяпер трэба была эмоцыя, гэта мусіла быць такім святам».

Чым жа рызыкуе БТ? З Еўрапейскага трансляцыйнага звязу яны ўжо выключаныя. Мы звярталіся да праваўладальніка трансляцыі, каб дазнацца пра рэакцыю, але пакуль чакаем адказу. Праўда, нават калі на канал «Беларусь 5» пастановяць падаць у суд, спагнаць штраф не атрымаецца, лічыць юрыдычны дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк:

«Пазоў, што падаецца да прадпрыемства на тэрыторыі Беларусі, павінен будзе разглядацца беларускім судом. У мяне, як у праўніка, ёсць прадчуванне, што беларускі суд не вынесе прысуду супраць БТ».

На доступ беларускіх спартоўцаў да міжнародных гульняў пірацтва таксама не паўплывае. Калі канфлікт і будзе, то толькі паміж праваўладальнікам і піратам. Але вось імідж БТ апынецца па-за гульнёй.

«Тэлепраграмам цяжэй будзе атрымліваць правы на нейкія новыя трансляцыі. Ну і беларускім гледачам будзе цяжэй атрымліваць доступ да ліцэнзійнага якаснага кантэнту», – упэўнены юрыдычны дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк.

Напрыклад, цяпер БТ транслюе чэмпіянат Іспаніі па футболе. Але ці надоўга гэта?

«Я не ведаю, колькі яшчэ яны будуць паказваць чэмпіянат Іспаніі, і не ведаю, на падставе якой увогуле сістэмы яны яго паказваюць. Але мяркую, што такім шляхам гэта будзе сапраўды ненадоўга. І яны ўжо, на мой погляд, папросту падрыхтаваныя да вось такой ізаляцыі», – разважае спартовы журналіст і блогер Яраслаў Пісарэнка.

Гаворка пра закон аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты, што зʼявіўся месяц таму. Ён на дзяржаўным узроўні дазваляе пірацтва, дапускае выкарыстоўваць кантэнт так званых нетаварыскіх краінаў без іх згоды.

Журналістам такога абгрунтавання мала. Але ў гутарцы са спартовым выданнем «Прэсбол» слухаўку кінуў дырэктар каналу «Беларусь 5» Павел Булацкі, а ў гутарцы з намі – ягоны намеснік Вадзім Левада:

– Адкуль вы тэлефануеце, прашу прабачэння?

– З «Белсату».

– Дзякуй, да пабачэння.

Асабліва цікавіла пытанне, як тэлевізійныя піраты змаглі скрасці трансляцыю, дый яшчэ змяніць нейтральны сцяг, пад якім выступала Сабаленка, на дзяржаўны. Бо калі паўфіналы «Беларусь 5» паказвала ў запісе, то фінал быў у жывым эфіры, хай сабе і з затрыманнем.

«Тэарэтычна маглі праз Вугоршчыну, маглі праз Расею, калі ў іх была трансляцыя. Маглі праз іншых папросту ўдзельнікаў – або дамовіцца бясплатна, або заплаціць нейкія грошы. Магчымасць ёсць, проста, ізноў-такі, гэта размова пра тое, што імідж БТ на дзесяцігоддзі запэцканы», – дапускае Раман Шаўцоў.

Доступ да большасці спартовых і не толькі трансляцыяў БТ страціла пасля паказу інтэрвʼю з Раманам Пратасевічам у 2021 годзе. Еўрапейскі трансляцыйны звяз палічыў, што яно прайшло пад прымусам – і прыпыніў сяброўства Беларусі. Цяпер БТ мусіць купляць трансляцыі праз пасярэднікаў ці непасрэдна ў Лігаў. Часта гэтаму перашкаджаюць санкцыі або імідж дзяржаўнага тэлебачання.

Яна Шэк, «Белсат»