Пра што дамаўляюцца Пуцін і Кадыраў?


Так Рамзан Кадыраў апісаў сваю вечаровую, а можа быць, нават начную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным: «Спадар Уладзімір Уладзіміравіч заўсёды падтрымлівае нас, мы гэтаму рады».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ ўдзень прэс-сакратар Крамля заяўляў, што ў планах Пуціна ў бліжэйшы час сустрэча з Кадыравым не пазначаная, але праз содні Пяскоў распавёў, што кіраўнік Чачэніі і прэзідэнт пагаварылі. Ці закранаўся падчас сустрэчы скандал вакол сям’і федэральнага суддзі ў адстаўцы Сэйдзі Янгулбаева, невядома.

Напярэдадні ж, паводле міністра Чачэніі ў сферы нацпалітыкі, друку і інфармацыі Ахмеда Дудаева, на мітынг з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чальцоў сям’і былога суддзі прыйшлі больш за 400 тысяч чалавек. Сам Кадыраў назваў удзельнікаў акцыі абаронцамі ісламу. Мітынг не быў узгоднены, а супрацьэпідэмічныя нормы не выконваліся. У Расспажыўнаглядзе проста заявілі, што арганізатараў акцыі ўсталяваць немагчыма.

Суддзя Янгулбаеў быў чальцом Вярхоўнага Суда Чачэніі, але быў вымушаны сысці ў адстаўку пасля пачатку адкрытага канфлікту паміж ягонымі дзецьмі і Кадыравым. Ягоны сын Абубакар Янгулбаеў быў юрыстам «Камітэту супраць катаванняў». Другі сын – Ібрагім займаецца публіцыстыкай. Улады Чачэніі сцвярджаюць, што ён вядзе апазіцыйны канал у тэлеграме. Сам Ібрагім кажа, што бандыты ад улады ўжо даўно выкрадаюць яго сваякоў, каб потым шантажаваць.

20-га студзеня чачэнскія сілавікі затрымалі ў Ніжнім Ноўгарадзе і павезлі ў Грозны жонку суддзі Янгулбаева Зарэму Мусаеву. Нібыта яна сведка ў справе аб махлярстве, але не зʼяўляецца да следчага. Зрэшты, ужо 2-га лютага суд арыштаваў жанчыну на два месяцы. Актуальную ж размову Пуціна з Кадыравым палітолаг Дзмітрый Дуброўскі каментуе так:

«Гэта не аб праве, не аб Канстытуцыі. Гэта крызіс асабістых дамоўленасцяў. Яны былі пераўзгодненыя. Нейкія рэчы будуць папраўленыя, нейкія будуць скарэктаваныя, і ўсё будзе працягвацца, як было раней».

Калегія суддзяў Чачэніі таемна, але аднагалосна пазбавіла Сэйдзі Янгулбаева статусу суддзі ў адстаўцы, бо ён «робіць усё магчымае, каб парушыць спакой і ўнесці разлад у грамадзянскую супольнасць Чачэнскай Рэспублікі». На практыцы гэта азначае згоду на затрыманне Янгулбаева-старэйшага. Раней чачэнскія сілавікі не змаглі гэтага зрабіць менавіта праз статус суддзі.

Уладзімір Старыковіч, Ян Маравіцкі, «Белсат»