Адкуль прыляцеў беспілотнік, які перахапілі ў Беларусі?


Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла пра перахоп украінскага выведніцкага дрона. У сувязі з гэтым уручыла ноту пратэсту амбасадару Украіны ў Беларусі Ігару Кізіму. Адкуль прыляцеў гэты дрон і да чаго можа прывесці ўсплёск украінска-беларускага канфлікту?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нахабная правакацыя з украінскім беспілотнікам, які парушыў граніцы Рэспублікі Беларусь і займаўся тут чым? Збіраў выведдадзеныя», – чалец Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч каментуе інфармацыю аб перахопе нібыта ўкраінскага беспілотніку.

А МЗС Беларусі ўручыла ўкраінскаму амбасадару Ігару Кізіму ноту пратэсту. Ці не шпіянаж гэта, запытала дыпламата журналістка дзяржаўнага тэлеканалу адразу на выхадзе з МЗС.

«Тое, што яна з’явілася ў МЗС і загадзя ведала пытанні, пра якія мы гаварылі з беларускімі калегамі, само па сабе ўжо незвычайна і не робіць гонару дыпламатычнаму ведамству. Таму лічу гэта адмыслова спланаванай правакацыяй», – заявіў Ігар Кізім.

Тым часам праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі маршрут беспілотніка. Апарат нібыта вылецеў 24-га студзеня ад вёскі Пішча Ковельскага раёну ў кірунку вайсковага палігону «Берасцейскі». Украінскія памежнікі кажуць, што 24 студзеня атрымалі ад беларусаў ліст пра беспілотнік.

«У афіцыйным лісце памежнікі Беларусі не адзначалі незаконнага перасякання мяжы ці магчымай прыналежнасці лятальнага апарата. У адказ Дзяржаўная памежная служба паінфармавала, што ва ўказаны беларускім бокам час і на дадзеным кірунку падраздзяленнямі Дзяржаўнай памежнай службы БПЛА не выкарыстоўваліся», – адзначыў прэс-сакратар Памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі і здымак перахопленага апарата. На ім няма апазнавальных знакаў. А дзяржаўная «Менская праўда» напісала, што гэта нібыта SPECTATOR-M1, які ствараўся для ўкраінскіх вайскоўцаў. Абодва дроны моцна адрозніваюцца, а ў кампаніі-вытворцы сцвярджаюць, што гэта не іх мадэль. Не падобны апарат і на расейскі «Арлан 10».

Некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што апарат на здымках наогул злеплены з розных мадэляў. Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка кажа:

«Відавочна, што ніякі беспілотнік нікуды не залятаў. Гэта яшчэ адзін прыём нацкоўвання людзей Лукашэнкам на ўкраінцаў. Стварэнне з Украіны абраза ворагу».

Аб тым, што Украіна стала для беларускага рэжыму другім фронтам, заявіў падчас сустрэчы з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу Аляксандр Лукашэнка. Але навошта Лукашэнку вайна?

«Лукашэнка ўцягвае Беларусь у расейска-ўкраінскі канфлікт, ён зацікаўлены ў гэтым, у эскалацыі, таму што за гэтым лёгка схаваць тыя злачынствы, якія рэжым праводзіць у Беларусі. Той тэрор, тысячу палітычных вязняў, таму ён усё пераключае на тэму вайны», – мяркуе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Тым часам расейскія войскі разам з тэхнікай працягваюць прыбываць у Беларусь для ўдзелу ў вучэннях «Саюзная рашучасць 2022». Сёння прывезлі комплексы С-400.

«Колькасць і якасць узброеных сілаў рэзка павысілася, павялічылася колькасць, і выразна бачнае прызначэнне – правядзенне ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, авіяцыйных удараў», – падкрэсліў эксперт Цэнтру даследавання арміі, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь.

У Беларусь прыбыло да 30-ці тысячаў расейскіх вайскоўцаў і найноўшыя віды ўзбраенняў, заявіў сёння Генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг:

«Апошнія дні мы назіраем значнае перамяшчэнне расейскіх узброеных сілаў у Беларусь. Гэта самае буйное расейскае разгортванне расейскіх войскаў з часу халоднай вайны з удзелам, як чакаецца, баявых частак».

Генсек НАТО заклікаў Расею да дээскалацыі і заявіў аб гатоўнасці блоку да дыялогу з Крамлём аб раззбраенні, кантролі над узбраеннямі і зніжэнні рызыкі інцыдэнтаў. Між тым пачатак беларуска-расейскіх вучэнняў запланаваны на 10-га лютага.

Антон Каменскі, «Белсат»