«Зараз паўтараецца аддалена сітуацыя ў Беларусі». Расея пасля суду над Навальным


«Тое, што людзі выходзяць, я лічу, што гэта правільна. Людзі стаміліся, людзі не дурні, людзі бачаць, што іх дояць. А як сябе паводзіць паліцыя? Гэта жывёлы ўвогуле. Зараз паўтараецца аддалена сітуацыя ў Беларусі».

«Я не ведаю, навошта людзі выходзяць, я лічу, што суд зрабіў усё правільна».

«У прынцыпе някепска, што яго пасадзілі. Але я разумею людзей, якія яго падтрымліваюць».

Пасля суда, які замяніў Аляксею Навальнаму ўмоўны тэрмін на рэальны, тысячы прыхільнікаў расейскага апазіцыянера выйшлі на вуліцы.

З улікам адбытага хатняга арышту, у калоніі агульнага рэжыму Навальнаму застаецца сядзець 2 гады і 8 месцаў.

«Незаконна асудзілі Аляксея Навальнага. Краіна не будзе вольнай, калі так будуць сябе паводзіць улады, суды. Я гляджу, хутка пачнуць біць дубінкамі, але мы выйшлі, каб пасля нашых дзяцей не білі», – кажа ўдзельнік пратэсту.

І сапраўды, сілавікі працавалі дубінкамі ды выкарыстоўвалі электрашокеры. Затрымалі амаль паўтары тысячы чалавек. Але кропка ў справе Навальнага яшчэ не пастаўленая.

«Мы падаем апеляцыйную скаргу і паведамляем Кабінету Міністраў Рады Еўропы, які займаецца выкананнем рашэнняў Еўрапейскага суда пра тое, што дадзенае рашэнне, вынесенае Еўрапейскім судом, не выкананае РФ», сказала адвакатка Вольга Міхайлава.

Некалькі гадоў таму Еўрапейскі суд правоў чалавека прызнаў вырак братам Навальным у справе «Іў Рашэ» неабгрунтаваным, даказаўшы, што дзейнасць Навальных не была злачынствам, а заставалася ў рэчышчы звычайнай камерцыйнай дзейнасці. З гэтым рашэннем Еўрапейскага суда згадзілася і Расея ды выплаціла Навальным кампенсацыю. Больш за тое, 6 гадоў таму Канстытуцыйны суд Расеі палічыў артыкул, паводле якога судзілі братоў, супярэчным галоўнаму закону краіны і скрэсліў гэты параграф з Крымінальнага кодэксу. У Крамлі ўчорашняе рашэнне суда каментаваць адмовіліся.

«Мне невядома пра рэакцыю прэзідэнта, але традыцыйна мы не каментуем вердыктаў суда», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Не засталіся абыякавымі лідары заходніх краінаў. Дзяржаўны дэпартамент ЗША выказаў занепакоенасць рашэннем суда, прэм’ер Вялікай Брытаніі назваў яго «чыстай баязлівасцю», а МЗС Нямеччыны – ударам па прынцыпах прававой дзяржавы. Афіцыйны Менск асуджэнняў не выказаў.

«Лукашэнка ў сваім стылі адрэагаваў на ўсё, звязанае з Аляксеем Навальным, калі назваў яго «нямецкім пратэстуном». І гэта адназначна выяўляе ягонае стаўленне, калі ён казаў, што пачнуць з Беларусі, а пасля перакінуцца ў Расею, мы ў адной лодцы, імкнучыся прывязаць да сябе Крэмль, прывязаць Пуціна», адзначыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Паводле экспертаў, расейскія ўлады ўзялі курс на поўную зачыстку якой-кольвек апазіцыйнай актыўнасці ў краіне. А паколькі «мы ў адной лодцы», то і беларусам пры дзейных уладах там і тут разлічваць на палітычную адлігу не варта.

Вольга Старасціна, «Белсат»