«Унутры сістэмы ідзе бойня бульдогаў». Што вядома пра «справу Румаса»?


Былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас знаходзіцца за мяжой – распавяла ягоная жонка. Як паведамляюць незалежныя медыі, паплечнікі Румаса – старшыня «Барысаўдрэву» Генадзь Сысоеў і топ-мэнэджары Белаграпрамбанку імаверна знаходзяцца на допыце ў справе карупцыі або нават у следчым ізалятары. КДБ не пацвярджае, але і не абвяргае інфармацыю пра затрыманне Сяргея Румаса. Раніцаю шэраг медыяў паведаміў пра імавернае затрыманне былога прэм‘ера. У КДБ інфармацыю ані пацвердзілі, ані зняпраўдзілі. Пазней Жанна Румас у каментары TUT.by заявіла, што ейны муж – за мяжою.

«Я думаю, што пытанне стаіць у тым, што Сяргея Румаса, хутчэй за ўсё, лічаць чалавекам, які мог бы тэарэтычна супрацьпаставіць сябе Аляксандру Лукашэнку», – зазначыў сузаснавальнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак.

Сяргей Румас займаў пасаду прэм‘ера са жніўня 2018-га да чэрвеня 2020-га. На гэты перыяд прыпала таемнае рыхтаванне да глыбокай інтэграцыі з Расеяй, эпідэмія каронавіруса і пачатак выбарчае кампаніі са з’яўленнем палітвязняў. Увесь гэты час Сяргей Румас быў лаяльны да Лукашэнкі.

«Тое, што ён рабіў, гэта толькі наменклатурна-сілавыя схемы, банкаўскія схемы. І той факт, што ў беларускай эканоміцы амаль 30 % выручкі прадпрыемстваў ідзе банкам – безумоўна, таксама заслуга банкіра Румаса», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса.

Тым не менш 16 жніўня 2020 года Жанна Румас апублікавала супольнае з мужам фота на фоне пратэстаў. Пазней здымак быў выдалены.Дырэктар крамы «Symbal.by» Павел Белавус згадвае Румаса на пасадзе старшыні Беларускай федэрацыі футболу як патрыёта нашай краіны, які спрыяў беларускай мове і сімволіцы.

«Быў такі невялікі перыяд, калі на трыбунах у Беларусі перасталі чапаць людзей з Пагоняй, з бел-чырвона-белым сцягам, то бок быў такі невялікі перыяд адлігі».

Сёння ж партал TUT.by, спасылаючыся на тры крыніцы, паведаміў, што ў сувязі са справаю Румаса топ-менеджары «Белаграпрамбанку» знаходзяцца, цытата, «на размове ў праваахоўных органах». Таксама не выходзіць на сувязь былы старшыня праўлення «Белінвестбанку», а цяпер кіраўнік «Барысаўдрэву» Генадзь Сысоеў. Менавіта Сяргей Румас як былы кіраўнік Банку развіцця займаўся справай мадэрнізацыі дрэваапрацоўвання. Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч звяртае ўвагу:

«Уся эканамічная сістэма Беларусі прасякнутая кармленнямі атачэння Аляксандра Лукашэнкі, у якіх удзельнічаюць і дзяржаўныя прадпрыемствы, і банкі, і праваахоўныя органы».

Паводле сузаснавальніка фонду «BySol» Андрэя Стрыжака, інфармацыя пра імавернае затрыманне банкіраў сведчыць, што тыя, хто ўтрымлівае ўладу, пагрузілася ў абсалютную параною і пачалі пераследаваць людзей сістэмы.

«Яны таксама павінныя быць гатовыя, што іх будуць арыштоўваць, на іх будуць пісацца даносы. І зараз я ўпэўнены, што ўнутры сістэмы ідзе бойня бульдогаў паміж сабой, і людзі пішуць адзін на аднаго і спрабуюць пазбавіцца канкурэнтаў. Таму адзінае, што можна сказаць і можна параіць і банкірам, і чыноўнікам, якія яшчэ засталіся ў сістэме: думайце галавой, вырашайце, што цяпер рабіць, бо прыйдуць па кожнага».

Паводле крыніцаў Андрэя Стрыжака, цяпер сілавікі правяраюць усе дабрачынныя праекты, звязаныя з Банкам развіцця, а таксама Тураўскі малаказавод.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»