Па-за чарговыя вакацыі гандлю. Чаму шэраг крамаў не абслугоўвае пакупнікоў?


Пасля навагодняй ночы беларусаў чакаў непрыемны сюрпрыз – шэраг крамаў гандлёвых сетак «Еўраопт», «Востраў чысціні і смаку», ОМА, «Мацярык» ды заправак «Газпрамнафта», «Беларуснафта» былі зачыненымі ў розных гарадах Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гандлёвыя пункты папросту сталіся няздольнымі абслугоўваць пакупнікоў як праз наяўны, так і праз безнаяўны разлік. Прычынаю стаў тэхнічны збой касавага абсталявання.

«Магчыма, збой звязаны з пагаршэннем якасці ІТ-спецыялістаў у Беларусі. Многія беларускія спецыялісты з’ехалі з краіны. Гэта адбілася на якасці працаўнікоў. Многіх звольнілі за грамадзянскую пазіцыю», – падкрэслівае навуковы працоўнік BEROC (Кіеў) Алег Мазоль.

На думку дырэктара ў справах развіцця бізнесу кампаніі «DataTile» Валянціна Сакалоўскага, усё можа быць больш банальным:

«Тусон», з нейкіх невядомых пакуль прычынаў, якія наўрад ці стануць публічнымі, публічна вядомымі. Але гэтая змена даты і прывяла да памылкі».

Дакладных прычынаў у кампаніі «Тусон» – найбуйнейшага вытворцы і пастаўляльніка банкаўскага абсталявання, кліентамі якога акурат і ёсць «Еўраопт», «Востраў чысціні і смаку», ОМА, «Мацярык» і заправачныя кампаніі, пакуль не называюць. Але і не адмаўляюць, што праблема існуе менавіта з праграмным забеспячэннем.

«Мы са свайго боку робім максімальна, што можам зрабіць. Таму, як толькі абсталяванне зробяць, усё запрацуе», – зазначылі «Белсату» ў кампанні.

Наколькі моцна двухдзённы прастой можа адбіцца на гандлёвых сетках, падлічыць цяжка, кажуць адмыслоўцы. Магчыма, вялікіх стратаў атрымаецца пазбегнуць праз невялікую актыўнасць пакупнікоў у паслянавагоднія дні. Але цалкам незаўважна прастой не пройдзе.

«Дакладна будуць пэўныя складанасці з разлікамі ў гандлёвым фінансаванні. Магчыма, кампаніям прыйдзецца браць кароткатэрміновыя крэдыты для забеспячэння разлікаў. Бо ў гэтым выпадку могуць быць штрафныя санкцыі за невыкананне ўмоваў кантракту», – мяркуе Алег Мазоль.

Найбольш пацярпець маглі сеткі крамаў «Востраў чысціні і смаку» ці ОМА, лічыць Валянцін Сакалоўскі.

«У «Вострава чысціні і смаку» амаль усе крамы былі завязаныя на праграмах «Тусону», на фіскальныя апараты, і ў ОМА. На «Еўраопт» і «Беларуснафту» значна менш паўплывала, бо там разнастайнейшы парк сістэмаў касавых», – тлумачыць дырэктар у справах развіцця бізнесу кампаніі «DataTile».

Але якая дакладна колькасць крамаў цяпер зачыненая праз збой, не могуць сказаць ні ў кампаніі «Тусон», ні на гарачай лініі крамаў.

У прыватнасці ў кампаніі «Востраў чысціні і смаку»:

– Ці можна даведацца, якія крамы цяпер працуюць, а якія не, праз збой?

– У нас такой інфармацыі няма, але… Горад Менск у вас?

– Так.

– У Менску, падаецца, усё ўключылі, у рэгіёнах, магчыма, яшчэ…

У адной са сталічных крамаў «Востраў чысціні і смаку» акурат пацвердзілі: абслугоўванне пакупнікоў удалося аднавіць.

– Ці працуе вашая крама?

– Так.

– І гатоўкаю, і праз карту разлічваеце?

– Так.

Калі ж сістэма адновіцца цалкам? Спецыялісты «Тусону» даюць самыя аптымістычныя прагнозы – цягам сённяшняга дня. Міністэрства падаткаў і збораў называе больш песімістычныя тэрміны – дзесяць дзён. А вось наконт таго, хто будзе сплачваць выдаткі ў прастоі, адмыслоўцы сыходзяцца ў адным – толькі не дзяржава.

«Гледзячы якая сетка. Калі сетка кагосьці з набліжаных да Лукашэнкі, то яны знойдуць нейкія механізмы, верагодна, і бюджэтнага фармату, прэферэнцыі, ільготы падатковыя», – рэзюмуе дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Спагнаць кампенсацыю могуць і з кампаніі «Тусон», калі прызнаюць цалкам віну за ёю. А могуць адыграцца і на працаўніках, напрыклад, зменшыць прэміяльныя. Або на пакупніках – за кошт цэнаў на тавары, мяркуе дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.

Марыля Дакуцька, «Белсат»