Легендарнаму Данчыку – 65


«У гушчарах» і «Беларусачка», «Беларусь мая» і «Крыніцы» – сёння гэтыя песні маюць шмат выканаўцаў, але тры дзесяцігоддзі таму ў большасці беларусаў яны атаясняліся з голасам Данчыка, Багдана Андрусішына.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Бацька Данчыка – украінец, маці – беларуска. А бабуля – пляменніца ўтваральнікаў БНР Антона ды Івана Луцкевічаў. Сам Багдан Андрусішын нарадзіўся і большую частку жыцця пражыў у Нью-Ёрку.

«Данчыка я ўбачыла ўпершыню ў 70-х, яму было 18 гадоў. Ён прыязджаў на «Беларускі караван» – так называўся фестываль у Таронта – і зачараваў ужо тады ўсіх нас», – узгадвае ў дакументальным фільме «Данчык» старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

У Беларусь з канцэртамі Данчык прыязджаў двойчы – у 1989 і ў 1996 гадах. Абодва разы ягоныя песні збіралі поўныя залы.

«Тое, што модны імпазантны малады чалавек прыехаў і гаворыць па-беларуску, вельмі моцнае ўражанне зрабіла не толькі на нацыянальна арыентаваных, а якраз на нацыянальна не арыентаваных. Значыць, беларуская мова – гэта не толькі калгас, лапці і стары фальклор, а гэта супер, гэта маладосць і Амерыка», – кажа журналіст радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

«Данчык, Багдан Андрусішын быў не толькі спеваком, ён быў яшчэ, прынамсі, для мяне – увасабленнем беларускай эміграцыі. Той эміграцыі, якая далёка ад Бацькаўшчыны захоўвала беларускую мову, беларускую песню, традыцыі, самі ідэі незалежнасці», – узгадвае пісьменнік Уладзімір Арлоў.

«Беларусачка» – так называўся першы альбом Данчыка, тысяча дзевяцьсот семдзесят сёмага года. Апошні, шосты – «Калядныя песні» – выйшаў праз дваццаць гадоў, у тысяча дзевяцьсот дзевяноста сёмым, пасля гэтага спявак спыніў музычную кар’еру і амаль тры дзесяцігоддзі працаваў на радыё «Свабода».

«Для мяне самае важнае – што гэта для Беларусі. Гэта для мяне ёсць працяглая сувязь з Беларуссю, з беларускім народам», – адзначае Данчык.

Цяпер Багдан Андрусішын вярнуўся ў Амерыку.

Сітуацыя сёння такая, што мы не можам запісаць у Беларусі віншаванні для Данчыка, але тое, што зычылі яму беларусы пяць гадоў таму, стала яшчэ больш актуальным.

«Любому беларусу, які сапраўдны беларус, заўсёды можна пажадаць, каб шанцавала, каб была моц і было здароўе, каб дажыць да таго часу, калі зноў можна будзе спяваць па-беларуску ў нашай краіне», – казаў мянчук у 2018-м, калі Данчык адзначаў 60-годдзе.

«Данчык, веру, што жыць будзеш доўга, і спадзяюся што апошні твой канцэрт быў у Беларусі не ў 90-х гадах, што ты яшчэ прыедзеш у вольную Беларусь і праспяваеш – і гэта будзе сімвалам новага, ужо незваротнага беларускага адраджэння», – зычыць Багдану Андрусішыну Сяргей Навумчык.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»