Беларуская эканоміка трапіла ў чорную скрыню


Пакажыце нам бюджэт! А таксама – адкуль уліваюцца і на якія патрэбы ідуць сродкі з так званых пазабюджэтных фондаў. Журналістам «Зеркало» стала вядома, на што сёлета выдаткуе грошы засакрэчаны Рэзервовы фонд так званага прэзідэнта. Павысяць заробкі і пенсіі дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і сілавікам. Выдаткуюць на капрамонт дарог і рэгіянальныя праграмы. Чаму менавіта з гэтай кішэні?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Колькасць атрымальнікаў ковідных надбавак сёлета зменшаць. Плаціць будуць з рахунку, сальда якога не вядомае нават Міністэрству фінансаў. Так званага Рэзервовага фонду Лукашэнкі.

Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог», кажа:

«Не проста з бюджэту, а менавіта Аляксандр Лукашэнка вырашыў, напрыклад, падняць заробак дзяржаўным службоўцам, альбо вайскоўцам, сілавікам. І ў іхных галовах мае сядзець зазубрынка, што гэта зрабіў не народ, не дзяржава, а менавіта Аляксандр Лукашэнка».

Асаблівасць фонду – непразрыстасць ягонага фармавання. Вядома толькі, што частка – грошы падаткаплатнікаў. Згодна з Бюджэтным кодэксам «Памер рэзервовага фонду, як правіла, не можа перавышаць 1 % даходаў рэспубліканскага бюджэту. Расходаванне сродкаў ажыццяўляецца на падставе рашэнняў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Правіла 1 % сёлета перакрочылі ў чатыры разы. Фонд, выдаткі якога зацвярджае Лукашэнка, забярэ амаль Br 28 млрд – 4,2 % з рэспубліканскага бюджэту. Удвая больш, чым летась (Br 0,61 млрд) і амаль у пяць разоў больш, чымся ў 2020 годзе (Br 0,24 млрд).

Выпадкаў, калі Лукашэнка выдаваў грошы з фонду, нам вядома не шмат. У 2009 годзе з яго папаўнялі бюджэт, каб падоўжыць фінансаванне ад МВФ. Пазней фінансавалі рэканструкцыю Купалаўскага тэатру, новы сайт Лукашэнкі, забяспечвалі сацыяльную дапамогу. Таксама пабудавалі медцэнтр пад Ждановічамі і частку аб’ектаў інфраструктуры Беларускай АЭС. Сёлета выдаткуюць на заробкі і пенсіі вайскоўцам, бюджэтнікам і сілавікам.

«Усё ў “ЗАО Беларусь” з адной кішэні і мы ведаем як гэтая кішэня завецца», – пракаментаваў Яраслаў Раманчук адрозненне фонду ад бюджэту.

Вядома, што Рэзервовы фонд папаўняе лішак падатку на прыбытак ды адлічэнні з дзяржаўных органаў. Грамадству вядомыя таксама Інавацыйны фонд, Дзяржаўны фонд інфраструктуры развіцця, якія ў рознай ступені сілкуюцца з даходаў насельніцтва. Ёсць і зусім схаваныя рахункі.

«Ёсць так званыя чорныя касы, якія наогул не фігуруюць у бюджэце краіны, але яны ёсць. Вось там акумулююцца вялікія рэсурсы ад продажу зброі, ад таго, чым займаецца так званае Упраўленне справамі т.зв. прэзідэнта. Бо гэта таксама вялікія магчымасці».

Там жа, на думку Анатоля Лябедзькі, асядаюць грошы, якімі дзеляцца алігархі, у тым ліку даходы ад кантрабанды. Уся беларуская эканоміка разам з фондамі і бюджэтам схаваная ў чорную скрыню – дадае эканаміст:

«Лічбы, якія мы маем, пачынаючы з ВУП, інфляцыі, прамысловых паказнікаў, экспарту – усё гэта ўжо стала часткаю тою самай часткай агітацыі, прапаганды і хлусні, як і справаздачы афіцыйнага цыклу ад Ярмошынай».

Эксперты лічаць, што сёлета мы не пабачым праўдзівых справаздачаў пра стан эканомікі. Зрэшты, Закон аб рэспубліканскім бюджэце на гэты год яшчэ і не апублікавалі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»