Пратэсты ў Кітаі: улады пайшлі на саступкі


Улады камуністычнага Кітаю часткова пайшлі на змякчэнне палітыкі «нулявога ковіда». У чацвер у многіх раёнах такіх мегаполісаў, як Шанхай і Ґўан-Чжоў, зусім скасавалі абмежавальныя захады. У Паднябёснай апошнія тыдні праходзілі акцыі пратэсту з патрабаваннем зняць строгія абмежаванні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Грамадзяне Кітаю адкрыта выказваюць сваю пазіцыю:

«Як я ўжо згадваў раней, урад нарэшце прызнаў ці ўсвядоміў, што людзі маюць галасы, таму яны мусілі нешта зрабіць. Інакш пратэсты, відаць, працягнуцца, і ўсе гарады ва ўсім Кітаі зноў будуць пратэставаць».

«Я думаю, што паступовае адкрыццё – слушны крок, бо цяпер усе ведаюць, што штам о-мікрон вельмі заразны, але мае нізкую смяротнасць. Таму своечасовае карэктаванне палітыкі прафілактыкі эпідэміяў вельмі дарэчы».

«Не трэба турбавацца. Гэты вірус будзе існаваць заўсёды. Вы мусіце верыць у навуку або ў медыцыну, рана ці позна вы пераможаце вірус. Іншая рэч – што людзі і вірусы мусяць навучыцца суіснаваць».

Акцыі пратэсту пачаліся ў Кітаі пасля таго, як у горадзе Урумчы пры пажары ў шматпавярховіку загінулі дзесяць асобаў. На відэа, знятым падчас здарэння, можна заўважыць пажарную машыну, якая, відаць, не магла пад’ехаць да дому праз агароджы. Струмень вады не дасягаў верхніх паверхаў. Гэта выклікала новую хвалю абурэння. Удзельнікі пратэстаў лічылі, што ў гібелі людзей вінаватыя супрацьковідныя захады. У сваю чаргу, улады Кітаю назвалі гэта хлуснёй.

«У сацыяльных сетках гучаць выказванні пра сувязь паміж пратэстамі і рэагаваннем мясцовых уладаў на COVID-19. Урад гораду Урумчы ўжо правёў прэс-канферэнцыю, каб патлумачыць, што насамрэч адбылося, і назваў гэтую версію дэзынфармацыяй і паклёпам. Што да турботы некаторых людзей адносна бяспекі жыцця ў Кітаі, мяркую, яна не мае глебы. Для большасці з нас жыць у Кітаі цалкам бяспечна», – заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Кітаю Чжаў Лі Цзянь.

Тым не менш, з Урумчы маніфестацыі пашырыліся фактычна на ўсю краіну. Яшчэ раней у цэнтральным Кітаі ўспыхнулі жорсткія пратэсты: працаўнікі прадпрыемства, якое вырабляе айфоны, учынілі бунт праз абмежаванні, уведзеныя пры распаўсюдзе каронавіруснай інфекцыі. Свет абляцела відэа, на якім працаўнікі прадпрыемства супрацьстаяць людзям у белых ахоўных строях. Ва Урумчы ў хаду ішлі нават кактэйлі Молатава. Таксама людзі спалілі каранцінны лагер.

Кітайскі пратэст развіваўся даволі імкліва. Да лозунгаў супраць абмежаванняў і палітыкі «нулявога ковіда» дадаліся і палітычныя патрабаванні. Сярод іх – роспуск кіраўнічай камуністычнай партыі і адстаўка Сі Цзінь Піна. Маніфестацыі ў Паднябёснай ужо паспелі назваць «рэвалюцыяй белай паперы». Чысты ліст сімвалізуе цэнзуру, што існуе ў КНР. Ці могуць пекінскія таварышы пайсці на задушэнне пратэсту?

«Гэта палітычная нерашучасць абумоўленая тым, што ўлады маюць справу з групай, якая ёсць не нейкім маргінальным грамадскім элементам, шчыра кажучы, не этнічнай групай, як у Сінь-Цзяне ці ў Тыбеце. Пратэсты праходзяць у багатых частках цэнтральных гарадоў краіны, у Пекіне, у камерцыйным цэнтры Шанхаю, у такіх сучасных гарадах, як Хан-Чжоў і Чэнду. І калі ўлады цяпер нанясуць моцны ўдар па гэтых групах, яны проста глыбей разрэжуць касцяк грамадства. Пайсці на такі крок не наважваецца нават гэтая ўсёмагутная дзяржава нагляду», – распавядае прафесар універсітэту Ёнсэй Джон Дулуры.

Пратэсты, што праходзяць цяпер у Кітаі, самыя масавыя з 1989 года, калі 4 чэрвеня камуністычныя ўлады жорстка задушылі дэмакратычны рух. Тыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Бойня на плошчы Тʼянь-Ань-Мэнь».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»