Захад увёў пяты пакет санкцыяў. Ці вытрымае Лукашэнка?


Еўразвяз, ЗША, Канада ды Вялікабрытанія амаль сінхронна ўвялі санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Так Захад адказаў на штучна створаны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс і рэпрэсіі супраць беларускага грамадства.

Сінхронна. Еўразвяз, Злучаныя штаты, Вялікая Брытанія і Канада з розніцаю ў некалькі хвілінаў абвесцілі пра новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Абмежаванні Вашынгтону, як можна зразумець з кароткага паведамлення мясцовага Мінфіну закрануць і беларускі дзярждоўг, 20 фізічных і 12 юрыдычных асобаў – у тым ліку сына Лукашэнкі Дзмітрыя. У сваю чаргу Еўразвяз увёў абяцаныя раней абмежаванні. Гэта 17 асобаў і 11 кампаніяў. У тым ліку «Горадня азот», «Беларуснафта», «Белшына». Іхныя фінансавыя актывы на Захадзе будуць замарожаныя, забараняецца пастаўка сыравіны і тэхнікі.

«Тыя мяккія санкцыі, якімі беларусы былі незадаволеныя, далі час, каб падрыхтавацца, каб нарабіць гэтых кантор не толькі ў ЕЗ, і шляхі абыходу яны знойдуць!« – перакананы былы супрацоўнік «Горадня Азот» Юры Рававы.

У спісе таксама 17 высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку памежнікаў, датычных да арганізацыі міграцыйнага крызісу і спробаў прарыву мяжы Польшчы, Літвы ды Латвіі.

«Мы бачым, што такія спробы ўсцяж працягваюцца і таму мы гатовыя працягваць пераглядаць нашыя санкцыі супраць беларускага рэжыму і адказваць новымі санкцыямі», – заявіў прадстаўнік службы замежнапалітычнай дзейнасці Еўразвязу Пэтэр Стана.

Далучыліся да санкцыяў Канада з Вялікабрытаніяй. У іх спісах «Беларуськалій», дзяржаўныя прапагандысты Рыгор Азаронак, Людміла Гладкая, Андрэй Мукавозчык і пракурор Аліна Касьянчык.

«Мы бачым такую дэманстрацыю стратэгіі прымусу да дыялогу на першапачатковых умовах – вызваленне палітвязняў, пераслед вінаватых у злачынствах і новыя выбары. Тут Захад дэманструе цвёрдасць у сваёй падтрымцы беларускага грамадства», – перакананы прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Валер Мацкевіч.

Сёння таксама стала вядома пра новыя падрабязнасці абмежаванняў супраць Белавіі. Беларускі авіяперавознік ня зможа падпісваць новыя лізінгавыя кантракты з еўрапейскімі краінамі і мусіць вярнуць самалёты па старых дамовах.

«Мы не памерлі і не памрэм», – заявіў генеральны дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец і дадаў: «Будзем браць самалёты ў лізінг у іншых краінах, не ў Еўразвязе, ёсць для гэтага Кітай, ёсць іншыя краіны не ў Еўропе, не еўрапейскія. У Расеі будзем браць, мы знойдзем самалёты. Частку самалётаў мы ўжо набылі, частку яшчэ зараз купім».

У парку «Белавія» 29 самалётаў. Толькі 11 машын – ва ўласнасці кампаніі, астатнія 18 – у лізінгу. Менавіта іх «Белавія» мусіць вярнуць, бо трапіла ў пяты пакет санкцыяў Еўразвязу. Ці здолее кампанія абысці санкцыі?

«Патэнцыйна магчыма ўсё, тут пытанне аб умовах, якія прапануе расейскі авіяпром, і шэрагу іншых момантаў, пра якія не варта забываць. Напрыклад, для кожнага тыпу самалёта, які з’яўляецца ў парку, трэба рыхтаваць або дзесьці наймаць персанал. Груба кажучы, пілот не можа проста так сесці і паляцець на невядомым яму паветраным судне. Задача не простая, але і не вельмі складаная», – мяркуе Ягор – адміністратар тэлеграм-каналу «Отвинта. Авиация Беларуси».

Абвешчаныя сёння санкцыі – гэта асноўная частка доўга абяцанага пятага санкцыйнага пакету. Працы над ім імкліва паскорыліся пасля гібрыднай атакі беларускага рэжыму мігрантамі на еўрапейскія межы амаль месяц таму. Як паведаміла «Белсату» намесніца Дзяржсакратара ЗША Узра Зея, чарговы – ужо шосты санкцыйны пакет – знаходзіцца ў распрацоўцы.

Антон Каменскі, «Белсат»