За што насамрэч рэжым не любіць урад у выгнанні?


Прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто мае дачыненне да дзейнасці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе б яны ні былі: і за мяжой і на тэрыторыі Беларусі. Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць Рады БНР.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прэзідыум Рады лічыць, што распачынанне справы толькі пацверджанне, што нас усё ж баяцца як нейкую ідэалагічную, гістарычную альтэрнатыву чырвона-зялёнаму БССР і Рэспубліцы Беларусь у тым фармаце, які ёсць цяпер», – агучвае афіцыйную пазіцыю сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова.

Абвінавачваюць урад у выгнанні ажно паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Гэта дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады, кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем і ўцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць ды падбухторванне беларусаў да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні. Вінавацяць Раду таксама ў распальванні нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, у наўмысных дзеяннях для рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб.

«Рада БНР акурат заўсёды заяўляла і заяўляе, што гэта сам Лукашэнка – ідэйны паслядоўнік як савецкага, так і гітлераўскага рэжыму, гэта Лукашэнка публічна рабіў і не адзін раз антысеміцкія заявы, абразы пра непаўнавартасць беларускай мовы і культуры, ён выказваў захапленне палітычнымі практыкамі Гітлера таксама», – падкрэслівае Паліна Прысмакова.

Рада БНР – найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, менавіта Рада абвесціла незалежнасць беларускай дзяржавы ў 1918-м годзе. Урад БНР падчас дзейнасці ў Беларусі арганізоўваў нацыянальныя інстытуцыі, беларуская мова набыла статус дзяржаўнай, а бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня сталі дзяржаўнымі сімваламі. З 1919 года Рада дзее ў эміграцыі.

Старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла. Кадр з відэазвароту / Рада БНР / radabnr.org

«У 90-х гадах Беларусь здабыла незалежнасць, і Рада БНР імкнулася да таго, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя свабодныя выбары. Ужо гэтаму дэмакратычнаму парламенту, так меркавалася, маглі б быць перададзеныя паўнамоцтвы, легітымнасць, якая была атрыманая ад Першага Усебеларускага з’езду», – нагадвае гісторык Яўген Дудкін.

Найстарэйшы ў свеце ўрад у выгнанні застаецца адной з асноўных арганізацыяў беларускай дыяспары.

«На сённяшні дзень Рада БНР падтрымоўвае ўсе тыя дэмакратычныя працэсы, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве. Рада БНР падтрымоўвае беларускі нацыянальны рух, дэмакратычны рух, які за мяжой прадстаўляе інтарэсы беларускага грамадства, стараецца апекавацца беларусамі ў выгнанні», – кажа Яўген Дудкін.

Сёлета ў ліпені КДБ прызнала Раду БНР так званым «экстрэмісцкім фармаваннем». А ў сярэдзіне верасня экстрэмісцкімі прызналі сайт Рады БНР, яе старонкі ў сацсетках і лагатып, а таксама ўзнагароды беларускага ўраду ў выгнанні.

«Лукашэнка заўсёды хваравіта ўспрымае любое нагадванне, што ён нелегітымны, што гвалтоўна захапіў уладу ў 1996 годзе. А Рада БНР зʼяўляецца ахоўнікам каштоўнасцяў дэмакратычных, таго, што беларускі народ мае права на незалежную дэмакратычную дзяржаву, дзе людзі выбіраюць уладу, а не бандыты захопліваюць гвалтам уладу і ператвараюць краіну ў канцэнтрацыйны лагер», – падкрэслівае праваабаронца Дзмітрый Салаўёў.

Факт распачынання лукашэнкаўскім рэжымам крымінальнай справы ніякім чынам не паўплывае на дзейнасць Рады, гаворыцца ў заяве ўраду ў выгнанні з гэтай нагоды.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»