Чаму хакеісты з Канады і ЗША едуць гуляць у Беларусь


Менскае «Дынама» распачало новы сезон у КХЛ. Як і раней, сярод гульцоў – багата легіянераў: шасцёра канадцаў і адзін амерыканец – Сэм Энас.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Энас не хавае захаплення Менскам:

«Прывітанне заўзятарам «Дынама». Я Сэм Энас. Рады прыезду ў Менск. Мне і маёй жонцы адразу вельмі спадабаўся горад. З нецярплівасцю чакаю, калі пачну гуляць за вас!»

Як, зрэшты, і не выказвае свайго стаўлення да рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі супраць беларусаў.

«Спартоўцы не заўсёды думаюць пра будучыню, яны думаюць хутчэй пра сучаснасць. Пад уплывам агентаў, пад уплывам нейкіх фінансавых фактараў яны прыязджаюць гуляць, проста гуляць. Іх цікавіць апранальня, арэна, на якой яны будуць гуляць, і каб гатэль лепшы быў – вось і ўсе іхныя інтарэсы», – кажа экс-дырэктар аршанскага хакейнага клубу «Лакаматыў» Яўген Мазура.

Легіянеры ахвотна едуць як у менскае Дынама, так і агулам у КХЛ. Хаця пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну іхная колькасць усё ж зменшылася.

У 2021–2022 гадах у Кантынентальнай лізе гулялі блізу двух сотняў хакеістаў з Паўночнай Амерыкі ды Еўразвязу.

У гэтым сезоне іх амаль утрая меней. Цікава, што гульцоў з-за акіяну цяпер больш, чым еўрапейцаў. Калі ж дадаць тых, хто змяніў спартовае грамадзянства, але пакінуў сабе пашпарт ЗША ці Канады, то лічбы яшчэ больш красамоўныя. У КХЛ сёлета згуляюць шэсцьдзесят сем хакеістаў з Паўночнай Амерыкі ды толькі 17 – з Еўразвязу.

«Каб мы маглі разлічваць, што гэта можа быць важна для канадцаў і амерыканцаў, гэта павінна быць важна для нас, – упэўнены заснавальнік найбуйнейшага спартовага выдання Беларусі ды Украіны tribuna.com Дзмітрый Навоша. – Мы павінны самі, як грамадства, аказваць нейкі ціск на гэтых людзей. Прымусіць іх задумацца, дзе яны знаходзяцца, і прымусіць задумацца аб ролі спорту ў легітымацыі рэжыму і выкарыстанні спорту для зацвярджэння рэжымам сваёй велічы».

Дзмітрый Навоша мае ўдалы прыклад такога ціску. У чэрвені журналісты нарэшце дамагліся ад адной з найлепшых тэнісістак свету, Арыны Сабаленкі, рэакцыі на падзеі ва Украіне ды Беларусі.

«Я не падтрымоўваю вайну, гэта значыць, я не падтрымоўваю Лукашэнку цяпер», – заявіла тады Сабаленка.

Цікава, што беларускія і расейскія хакеісты працягваюць гуляць у Нацыянальнай хакейнай лізе – наймацнейшай у свеце, дзе сабраныя каманды з ЗША і Канады. Адна з галоўных зорак лігі – Аляксандр Авечкін. Ён самы вядомы расейскі хакеіст, а ў дадатак – заснавальнік грамадскага аб’яднання «Пуцін-Тым». Авечкін неаднаразова выказваў захапленне палітыкаю Пуціна. А вось наконт развязанай ім вайны выказаўся толькі аднойчы:

«Я спадзяюся, што гэта хутка скончыцца, і ў абедзвюх краінах настане мір. Пуцін – мой прэзідэнт, але, як я ўжо казаў, я – не палітык, я – спартовец. Калі ласка, больш не трэба ніякай вайны. Няважна, хто ваюе, – Расея, Украіна, іншыя краіны. Мы мусім жыць у міры».

Заяваў з асуджэннем Пуціна і вайны супраць Украіны не зрабілі і іншыя расейскія хакеісты, якія гуляюць за акіянам. Дзмітрый Навоша бачыць у гэтым свядомую палітыку НХЛ:

«З упэўненасцю можна сцвярджаць, што камерцыйныя амерыканскія лігі надаюць гэтаму недастаткова ўвагі і, здаецца (мы плануем праверыць гэтую гіпотэзу), спрабуюць абараніць спартоўцаў ад пытанняў адносна вайны. Спадзяюся, мы зможам стварыць грамадскі ціск, які прымусіць спартоўцаў больш ясна, значна больш ясна, чым Авечкін, выказаць сваё стаўленне да вайны і, магчыма, да ўсходне-еўрапейскіх дыктатураў агулам – пуцінскай і лукашэнкаўскай».

Але ці прыслухаюцца легіянеры да грамадскага меркавання, калі той жа Сэм Энас будучы ў складзе менскага Дынама ігнаруе заклік амбасады ЗША да грамадзянаў краіны тэрмінова пакінуць Беларусь, зроблены 21 жніўня.

Ян Федаровіч, Белсат