Алігарха Каламойскага падазраюць у махлярстве


Да ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага прыйшлі з ператрусам. Служба бяспекі Украіны падазрае бізнесоўца ў махлярстве і так званым адмыванні грошай. Гаворка ідзе пра больш чым паўмільярда грыўняў. Гэтыя сродкі, паводле следства, Каламойскі вывеў за мяжу праз падкантрольныя банкаўскія ўстановы з 2013-га да 2020-га года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое падазрэнне, якое ўручана Каламойскаму, гэта працяг крымінальнай справы, якая цягнецца ўжо некалькі гадоў. Ва ўсякім разе з мінулага года бачым актыўную фазу. Гэта датычыцца злоўжывання, звязанага з кампаніяй «Укрнафта» яшчэ ў 2014-2015 годзе. Кампанія фармальна павінна была быць пад кантролем дзяржавы, але раней дэ факта гэтую кампанію кантраляваў менеджмент Каламойскага», – мяркуе старшыня Цэнтру ўжытковых палітычных даследаванняў «Пэнта» Уладзімір Фэсэнка.

Невядома, ці скончыцца гэта рэальнаю справай. Але, паводле эксперта, рызыка для Ігара Каламойскага істотна вырасла. Бо раней алігарх не меў статусу падазраванага ў справе «Укрнафты», папярэдні ператрус у якой у Каламойскага зрабілі сёлета ў лютым. Тады праводзілася расследаванне растраты нафтапрадуктаў больш чым на 1 мільярд долараў.

«Тыя ператрусы, якія ў яго былі раней, таксама былі ўзорна-паказальнымі. Бо 8 разоў суд адхіляў прашэнне правесці ператрусы ў ягоным офісе ў Кіеве. Зразумела, што за гэты час усе дакументы адтуль ужо былі вывезеныя. Такога роду імітацыя ці гульня ў імітацыю на сённяшні дзень ужо не задавальняе», – распавёў Валер Дымаў з Цэнтру грамадска-інфармацыйных тэхналогіяў «Форум».

Пагаршэнне сітуацыі Каламойскага пачалося раней. У лістападзе 22-га алігарх згубіў «Укрнафту» ды «Укрататнафту». Яны перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. Пасля гэтага ягонае багацце, паводле ацэнак «Форбс», скарацілася больш чым удвая – да васьмісот пяцідзесяці мільёнаў долараў. А ў дадатак Уладзімір Зяленскі сваім указам пазбавіў Каламойскага ўкраінскага грамадзянства, быццам за тое, што алігарх мае пашпарты Кіпру ды Ізраілю.

«Каламойскі сам па сабе канфліктная асоба. Гэта таксама адбіваецца на ажыятажы вакол яго. Але зараз, я думаю, тое, што з ім адбываецца – гэта следства і антыалігархічнай палітыкі ўжо падчас прэзідэнцтва Уладзіміра Зяленскага, следства сітуацыі на фоне вайны», – распавёў Уладзімір Фэсэнка.

Пры гэтым менавіта Ігара Каламойскага называлі «хросным бацькам» Зяленскага пасля ягонай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у 2019 годзе. Маўляў, медыяхолдынг алігарха «1+1» тады істотна падтрымаў кандыдата на прэзідэнцкае крэсла.

«Цяпер можна казаць што паміж імі даўно адбыўся разрыў. І зараз Каламойскі з’яўляецца ну не ворагам для Зяленскага… Сама сітуацыя паказальная. Зяленскі паказвае, што ў яго няма ні перад кім ніякіх абавязкаў», – патлумачыў эксперт.

На думку Уладзіміра Фэсэнкі, апынуўшыся ў напружанай сітуацыі, Ігар Каламойскі абараў для сябе тактыку маўчання – ні ў справе «Укрнафты», ні адносна поўнамаштабнай вайны алігарх не рабіў ніякіх заяваў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»