Гібрыдная агрэсія і мігранты як зброя


Еўразвяз рыхтуе пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі – за стварэнне правакацыяў на мяжы з Літвой, Латвіяй і Польшчай і за арганізацыю масавай нелегальнай міграцыі дзяржаўнымі органамі Беларусі. Міністр абароны Латвіі сёння прапанаваў выкарыстоўваць для абароны межаў Баявыя Групы Еўразвязу – вайсковыя фармаванні пад агульнаеўрапейскім камандаваннем.

Барацьба з выкарыстаннем мігрантаў рэжымам Лукашэнкі працягнецца й абавязкова будзе ўключаць санкцыі. Пра гэта заявіў дырэктар аддзелу Усходняга партнёрства службы дыпламатыі Еўразвязу Люк Дэвінь. Слуханні, прысвечаныя сітуацыі на мяжы Еўрапейскага звязу з Беларуссю, прайшлі ў Камітэце замежных справаў Еўрапарламенту.

«Апошнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі, а менавіта інструменталізацыя мігрантаў дзяржаваю, – абуральнае грэбаванне міжнароднымі нормамі. Гэта дакладна не зменіць нашай рашучасці і дакладна не дапаможа адмяніць санкцыі ў дачыненні Беларусі, а зусім наадварот», – сказаў Люк Дэвінь.

Пра неабходнасць узмацніць ціск і санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі напярэдадні казала Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Славенію.

«Што датычыць іміграцыі, то гэта робіцца дзеля помсты краінам, якія падтрымліваюць грамадзянскую супольнасць і змагаюцца за дэмакратыю ў Беларусі. Канечне, гэта агідна і жорстка – выкарыстоўваць людзей у якасці зброі. І, вядома, Еўрапейскі Звяз, я думаю, нясе адказнасць за дапамогу Польшчы, Літве і Латвіі ў гэтай складанай сітуацыі», – зазначыла Святлана Ціханоўская.

Тым часам у славенскім горадзе Крань, дзе міністры абароны Еўразвязу сабраліся на двухдзённую сустрэчу, міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс заявіў, што Беларусь нясе адказнасць за «выкраданне людзей, выдачу ім віз, а затым выштурхоўванне іх у памежную зону».

«Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта гібрыдная атака на нашыя межы… Гэта небяспечная рэч, асабліва ў сувязі з ваеннымі вучэннямі «Захад-21» каля межаў Еўрапейскага Звязу», – падкрэсліў Артыс Пабрыкс.

За апошнія содні Польшча, Літва і Латвія агулам не ўпусцілі на свае тэрыторыі каля 130 мігрантаў.

На гібрыдную атаку Польшча адказала ўвядзеннем рэжыму надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю. Адпаведную пастанову падпісаў прэзідэнт Анджэй Дуда. Згодна з дакументам, амаль у дзвюх сотнях памежных паселішчаў Падляскага і Люблінскага ваяводстваў забараняюцца масавыя імпрэзы, кантралююцца перамяшчэнні людзей.

Сёння ж прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што краіне ўдалося стабілізаваць сітуацыю з масавым наплывам мігрантаў з Азіі і Афрыкі. І падкрэсліў, што колькасць асобаў, якія спрабуюць незаконна перайсці мяжу, зменшылася ў разы. Тых жа замежнікаў, што застаюцца на памежных заставах і ў памяшканнях самакіраванняў, цягам верасня пераселяць у цёплыя модульныя дамкі.

«Сітуацыя, звязаная з нелегальнай міграцыяй на мяжы з Беларуссю, пад кантролем. Мы сёння можам ясна сказаць, што цяпер маем толькі некалькі выпадкаў, калі ў Літву трапляюць нелегальныя мігранты. Ставім фізічны бар’ер, усё больш маем падтрымання ад Еўразвязу», – сказала журналістам у Мядзінікай міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Тым часам Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы апублікавала відэа, на якім беларускія сілавікі адцясняюць ад мяжы Беларусі групу мігрантаў. Чуваць крыкі «Наперад» і ўдары па шчытах.

«Мне здаецца, зразумела, што там адбывалася. Такую тактыку апошнім часам даволі часта выкарыстоўвалі беларускія ўстановы, калі людзей сілай выштурхоўвалі на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі», – пракаментаваў відэа камандуючы Службай аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас.

Памежны камітэт Беларусі, у сваю чаргу, сцвярджае, што гэта літоўскі бок даставіў уцекачоў на мяжу і спрабаваў выцесніць іх са сваёй тэрыторыі.

Паводле літоўскіх памежнікаў, група мігрантаў у выніку адышла ў Беларусь.

Анастасія Русецкая, «Белсат»