Слаўнікава: «Час жа паняцце адноснае, але тут выразна разумееш, які ён скарацечны і як яго ў нас мала»


Палітзняволеная журналістка Польскага тэлебачання (TVP) і нашая былая калега Ірына Слаўнікава – напярэдадні выраку. Сёння ў судзе прагучала апошняе слова палітзняволенай, але што яна сказала, невядома. Як невядомыя і падрабязнасці працэсу, які цягнецца ўжо больш за месяц, але беспадстаўна ў закрытым рэжыме. Хіба выстаўленае абвінавачанне не пераконвае, што патрабаванне пракурора – чатыры гады калоніі – мае нейкія падставы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошняе слова ў судзе журналісткі Польскага тэлебачання (TVP) і былой супрацоўніцы «Белсату» Ірыны Слаўнікавай пачуў толькі сам суд. Разгляд справы, які пачаўся яшчэ 23 чэрвеня, зрабілі закрытым. Паводле праваабаронцаў, беспадстаўна, а толькі з мэтаю схаваць, што абвінавачанне заснаванае на галаслоўных сцвярджэннях.

«Наколькі я заўсёды назіраў, многія абвінавачаныя якраз з нецярпеннем чакалі суда, калі яны змогуць публічна, прылюдна выказацца пра тое, што адбывалася ў гэтых кабінетах», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

На закрытым працэсе вызначаецца пытанне пра – увага! – чатыры гады жыцця. Столькі запрасіла дзяржаўная абвінаваўца за нібыта арганізацыю пратэстаў і стварэнне экстрэмісцкага фармавання. Паводле абвінавачання, Ірына Слаўнікава аб’яднала групу грамадзянаў, якія пад ейным кіраваннем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на польскіх медыйных рэсурсах.

«Мы мусім мець на ўвазе, што гэтае самае экстрэмісцкае фармаванне нарадзілася ў розумах МЗС і КДБ, і нарадзілася яно гэтак жа тайна і непублічна, як цяпер праводзіцца разбор гэтай крымінальнай справы», – працягвае Павел Сапелка.

Пажаданне пракурора зрабілася вядомае з ліста Ірыны Слаўнікавай, які тая напісала мужу. Праз тое, што справу разглядалі ў закрытым рэжыме, на паседжанні не мог трапіць нават бацька палітзняволенай.

«Ён толькі мімалётам мог бачыць сваю дачку, маю жонку, калі адчыняліся дзверы ў залу суда – толькі такім чынам, – успамінае муж Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка. – Нікога не дапускалі, працэс цалкам закрыты. Нават не ведаю, ці будзе нейкая магчымасць трапіць на прысуд».

Закрытыя працэсы, кажуць праваабаронцы, выкарыстоўваюцца рэжымам і дзеля ціску на падсуднага, паказваючы, што судовая сістэма цалкам кантралюецца ўладаю. Але Ірына, з таго, што паспеў заўважыць ейны бацька, трымаецца ўпэўнена, маўляў, ёй няма за што апраўдвацца.

«Выглядае яна добра. Крыху схуднела і бачна, што твару не стае сонца, але ў вачах усмешка і энергія. Яна нават для мерапрыемстваў такога кшталту, як гэтыя паседжанні, замовіла адзенне, каб цывілізавана выглядаць. Хаця, здавалася б, перад кім там апранацца – працэс ідзе за зачыненымі дзвярыма», – расказаў Аляксандр у інтэрв’ю TVP.

«Усмешка і энергія» бачацца і ў лістах Ірыны: «Дарагая, перадавай усім ад мяне вялікае прывітанне і абдыманкі. Дзякуй вялікі за дапамогу і падтрыманне. Не сумуй, калі ласка! Ты ж ведаеш, што ў выніку ўсё будзе добра. Спытаеш: “Калі?!” А я адкажу: “Тады!” Час жа паняцце адноснае, але тут выразна разумееш, які ён скарацечны і як яго ў нас мала».

Прысуд у «справе Ірыны Слаўнікавай» маюць агучыць заўтра а 14:10.

«Белсат»