Барацьба з каронавірусам і ляснымі пажарамі. Асноўныя навіны замежжа


Барацьба з новымі штампамі каронавіруса працягваецца, а ў розных частках свету палыхаюць лясныя пажары. «Белсат» распавядае пра асноўныя навіны замежжа.

Урад Ізраілю прапануе трэцюю дозу вакцыны супраць каронавіруснай хваробы тым, каму за 60, каб спыніць распаўсюджванне высокапранікальнага варыянту дэльта. Улады Вялікай Брытаніі таксама плануюць у верасні запусціць прыём бустэр-вакцыны для людзей ва ўзросце ад 70-ці гадоў.

«Налета можа спатрэбіцца трэцяя паскаральная вакцына і для японцаў», – заявіў міністр рэформы заканадаўства Японіі Таро Кано.

На фоне рашэння шэрагу краінаў прывіваць жыхароў трэцяю дозай вакцыны некаторыя фармацэўтычныя кампаніі перагледзелі кошт сваіх прэпаратаў.

«MODERNA» і «PFIZER» падаражэюць

Фармацэўтычныя кампаніі «Moderna» і «Pfizer» абвясцілі пра павышэнне цэнаў на свае вакцыны ад каронавіруса для Еўразвязу. Адна доза «Pfizer» цяпер будзе каштаваць € 19,50 замест € 15,50, як гэта было раней. Такім чынам нямецка-амерыканская вакцына падаражэе прыкладна на 25 %. «Moderna» павысіла цэны прыблізна на 10 %. У апошніх кантрактах на продаж у Еўразвяз цана вакцыны «Moderna» складае $ 25,5. У першай закупачнай дамове адна доза каштавала $ 22,6. Стваральнікі вакцынаў спасылаюцца на вынікі трэцяй фазы выпрабаванняў, якія паказалі, што мРНК-вакцыны больш эфектыўныя за вектарныя прэпараты. Акрамя таго, рызыка ўзнікнення пабочных эфектаў пасля іх прымянення ніжэйшая, чымся ў таннейшых вакцынаў «AstraZeneca» і «Johnson & Johnson».

Лясныя пажары ў Еўропе: версія – падпалы

Пяты дзень палаюць лясныя пажары ў Турцыі. Колькасць ахвяраў узрасла да васьмі чалавек. Звыш 850 пацярпелі. Шмат хто страціў дах над галавою, хатніх гадаванцаў або ўсю маёмасць. Тушэнне моцна ўскладняе 40-градусная спякота. Беларускія брыгады надзвычайных сітуацыяў на верталёце МІ-8 працягваюць тушыць смяротны пажар, які гарэў у горадзе Мармарыс на поўдні Турцыі ўчора. Мясцовых жыхароў і турыстаў эвакуявалі, бо пажары пагражалі дамам і гасцініцам на фоне моцнага ветру і высокіх тэмператураў.

Галоўная версія ўзнікнення пажараў, якія называюць нацыянальнай катастрофай, – падпал.

Барацьбу з агнём ва ўмовах моцнай спёкі працягваюць і на Сіцыліі. Задзейнічалі больш за 800 пажарнікаў. Але ўлады вострава прызналі, што не спраўляюцца з тушэннем, і папрасілі дапамогі ў Рыму. Італьянскія праваахоўнікі мяркуюць, што пажары маглі адбыцца ў выніку падпалу.

Штат Юта: наступствы навальніцы

У ЗША змагаюцца з наступствамі іншай стыхіі. На гэтых кадрах мы бачым затопленыя ўчасткі дарогі ў горадзе Мілкрык, штат Юта. Моцная навальніца абрынулася на поўнач штату, што выклікала паводку і затрымку руху ўчора. Паводле мясцовых медыяў, ад навальніц моцна пацярпелі гарады СІдар-СІці ды І́нак, бо паводкавыя воды нанеслі шкоду канструкцыям і транспартным сродкам ды прымусілі закрыць шэраг дарог.

Кожны можа стаць саўладальнікам французскага замку

Колькасць замкаў, якія прадаюцца ў Францыі, павялічваецца. У 2010 годзе іх было 800, у 2019-м – ужо 1500. Адна з прычынаў – дарагое абслугоўванне. Усё менш уладальнікаў замкаў маюць грошы на іх утрыманне. Тады выбар стаіць паміж разбурэннем і продажам. І ў Францыі для гэтага знайшлі выйсце. Краўдфандынгавая платформа «Dartagnans» аб’ядноўвае пакупнікоў з усяго свету, каб разам купляць замкі. Першай пакупкай стаў Шато-дэ-ля-Мот-Шандэнье (Château de la Mothe-Chandenier) ў рэгіёне Люары. Больш за 20 тысяч чалавек са 115 краінаў свету зрабіліся саўладальнікамі рамантычных руінаў у Францыі.

«Недзе праз 10 гадоў сюды прыедуць каля 120 тысяч наведнікаў. Мы пакідаем расліннасць у замку такой, якая яна ёсць. Гэта робіць нас унікальнымі ў свеце. Для наведнікаў гэта шлюб прыродай з архітэктурай», – заўважае Рамэн Дэлём, краўдфандынгавая платформа «DARTAGNANS».

79 еўраў – і вы маглі б стаць саўладальнікам гэтага замку. Гэтая доля наўрад ці дазволіць вам запрасіць сваіх сваякоў пагасціць ва ўласным замку. Аднак сам статус уладальніка часткі такога будынку інтрыгуе.

Каця Малей, «Белсат».