ЕГУ ўручыў дыпломы


У ЕГУ – выпускны. У цырымоніі ўручэння дыпломаў бралі ўдзел амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас і віцэ-міністр замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.

«Настане час, калі Беларусь стане вольнай краінай і не будзе патрэбы мець такое, як універсітэт у выгнанні. Мы ў гэта верым і мяркую, што гэта адбудзецца», – кажа амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас.

Выбітным выпускніком ЕГУ 2021 прызналі палітвязня Міколу Дзядка. Учора адбылося другое паседжанне ў ягонай справе, на якім адвакат Дзядка распавёў, як катавалі ягонага падабароннага – збівалі, душылі, распылялі ў вочы пярцовы газ, засоўвалі ў рот бутэлькі. На просьбу бацькі Міколы Дзядка Аляксандра ўзнагароду атрымаў Кірыл Атаманчык.

«У сваёй прамове я ў прынцыпе сказаў тое, што сказаў бы, магчыма, Мікола: зараз нельга спыняцца, зараз не мусіць быць ніякіх кампрамісаў, трэба ісці так, каб ужо ніхто ніколі не патрапіў па палітычных матывах у турму», – распавёў грамадскі дзеяч і выпускнік ЕГУ Кірыл Атаманчык.

Дыплом перадалі і бацькам Сафіі Сапегі – яшчэ адной палітзняволенай студэнткі ЕГУ. Сёлета ў траўні дзяўчына разам з блогерам Раманам Пратасевічам вярталася ў Вільню з адпачынку ў Афінах, калі самалёт кампаніі Ryanair вымусілі здзейсніць пасадку ў Менску. Пасля зняволення і допытаў Рамана і Сафію перавялі пад хатні арышт.

На 2020/2021 навучальны год урад Літвы вылучыў ЕГУ 200 тысяч еўраў для адукацыі беларускіх студэнтаў. Па праграме падтрымання тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, сюды перавялі каля сотні студэнтаў.

«Гэтая дапамога будзе яшчэ пашырацца. І колькасць студэнтаў, якія могуць далучыцца сюды, мы будзем намагацца, каб было яшчэ больш сродкаў для гэтага. Каб гэта было сапраўды прытулкам для студэнтаў і навукоўцаў, якіх пераследуюць у Беларусі», – адзначыў віцэ-міністр замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.

Прынялі рэпрэсаваных і іншыя ўніверсітэты Літвы, а таксама Польшчы, Нямеччыны і Украіны. Паводле падлікаў Задзіночання беларускіх студэнтаў, за апошнія дзевяць месяцаў у Беларусі затрымалі каля паўтысячы студэнтаў. Прынамсі сто шэсцьдзесят – адлічылі з палітычных матываў. Пры гэтым пяцьдзясят адзін студэнт апынуўся пад крымінальным пераследам.

«Для нас гэта вельмі складана, тое, што адбываецца з нашымі студэнтамі, бо можа для тых, хто чытаюць газеты, для іх гэта статыстыка – хтосьці затрыманы, пасля вызвалілі – 13–14 дзён, але гэта нашы выпускнікі, нашыя студэнты, гэта нашыя дзеці», – кажа рэктар ЕГУ Сяргей Ігнатаў.

Сёлета выпускнікамі ЕГУ сталі 115 бакалаўраў і магістраў. Вышэйшую навучальную ўстанову адкрылі 29 гадоў таму ў Менску, аднак праз ціск у Беларусі ў 2004-ым, універсітэт пераехаў і аднавіў працу ў Вільні.

Юлія Лабанава, «Белсат»