Дзе зрабіць страхоўку «Зялёная карта»?


Лета, самы час на падарожжы. Але тым, хто збіраецца выязджаць з Беларусі на ўласным аўце, варта памятаць: з 1-га чэрвеня беларусы больш не могуць скарыстацца «зялёнаю картаю» – міжнароднаю страхоўкай для аўтамабілістаў на выпадак дарожных здарэнняў па той бок мяжы. Заходнія краіны перасталі прызнаваць поліс для Беларусі ды Расеі. Гэтак, выехаць з краіны цяпер можна толькі, маючы замежную страхоўку. Калі вы не паклапаціліся пра яе загадзя, вазьміце пад увагу: аформіць яе можна не на кожным пункце пропуску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Напрыклад, Літва. Паміж ёй і Беларуссю працуюць шэсць пунктаў пропуску. Гэта Відзы, Катлоўка, Лоша, Каменны Лог, Беняконі і Прывалкі. Афіцыйна зрабіць літоўскую страхоўку можна ў чатырох памежных пунктах з шасці. Выключэнні – Лоша і Відзы. Тых, хто не мае полісу, скіроўваюць менавіта сюды.

«Мы амаль цэлую ноч правялі ў чарзе, каб даведацца, што не зможам патрапіць у Літву. Наш пагранічнік параіў нам ехаць праз «Катлоўку» або «Каменны Лог», бо там поліс можна набыць на самой граніцы», – кажа аўтамабіліст з Беларусі. (Крыніца: «Наша ніва»)

Набыць літоўскую страхоўку праз інтэрнэт таксама нельга, бо немагчыма аплаціць паслугу беларускай карткаю. Ратуюць сябры і сваякі за мяжой – або пасярэднікі.

«Прыязджаеш на рынак, табе скідаюць нумар тэхпашпарта, фатаграфію тэхпашпарта, пашпартныя дадзеныя ўладальніка. Ты робіш гэтую страхоўку, аплачваеш, ну табе там неяк потым перадаюць грошы. Або яны аплачваюць наўпрост неяк са сваёй карты. І ты проста фізічна паскараеш гэты працэс», – распавядае аўтаэксперт «Автоподбор в Литве» Святаслаў Міляйкоўскі.

Яшчэ горш выглядае сітуацыя на мяжы з Польшчаю. Цяпер для легкавых аўтамабіляў працуе толькі адзін пункт пропуску: Берасце – Тэрэспаль. Паводле кіроўцаў, якія едуць у Еўропу праз гэты пераход, усіх беларусаў без страхоўкі польскія памежнікі разварочваюць адразу на мосце праз Буг, у нейтральнай зоне. Магчымасці зрабіць страхоўку ў гэтым пункце пропуску не існуе.

У Польскіх страхавых кампаніях у прынцыпе нельга аплаціць поліс на сайце. Сістэма не прымае фармат уводу беларускага нумарнога знаку. Законна застрахаваць сваю машыну ў Польшчы можна толькі асабіста, наведаўшы офіс страхавой кампаніі.

У мэсэнджары «Тэлеграм» існуе мноства чатаў і акаўнтаў, дзе прапануюць паслугі пасярэдніцтва ў афармленні адпаведнага страхавога полісу на тэрыторыі Польшчы. Але такая дзейнасць па-за законам. Каб аформіць страхоўку ў Польшчы ваш аўтамабіль павінен знаходзіцца на яе тэрыторыі.

«Такіх пасярэднікаў у прававым полі напэўна не існуе. Даваць аб’явы неяк што вось я буду рабіць страхоўкі напэўна ніхто не будзе», – кажа Святаслаў Міляйкоўскі.

Таксама мы звязаліся са страхавымі кампаніямі Украіны і Аўстрыі ў спадзеве, што там дапамогуць. Але кансультанты паведамілі нам, што «Зялёныя карты» афармляюцца толькі на аўтамабілі з адпаведнай рэгістрацыяй у кожнай з краінаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»