Драпежнік сярод людзей. Хто пужае жыхароў барысаўскіх вёсак?


Відэа, на якім буры мядзведзь становіцца на заднія лапы, знятае каля вёскі Сыч Барысаўскага раёну, дзе некалькі разоў бачылі драпежніка.

«Ну вось гэта рэшткі маіх вуллёў, мне гэты мядзведзь страт зрабіў, я думаў пашырацца, на тысячу долараў я ўляцеў», – паказвае вуллі Уладзімір, жыхар вёскі Сыч.

Мядзведзь разбурае вуллі, забівае хатнюю птушку і псуе маёмасць. Яго бачылі як мінімум у 12 вёсках раёну, практычна ўсюды ён прычыніў шкоду. Але ў лясніцтве небяспечным драпежніка не лічаць.

«А чаму вы думаеце, што ён людзей не будзе чапаць?»

– «А навошта? Мёд ёсць, ён любіць прысмакі. Я кажу: згушчанкі яму купіце, і ён не будзе нікога чапаць», – патлумачылі нам у Забашавіцкім лясніцтве

Жыхары ж вёсак, куды наведваецца драпежнік, напалоханыя.

«Баюся за ўнука, прыехаў. Сама буду хадзіць за ім і пасля 9-й не выпускаць. А паспрабуй утрымай іх летам. Зараз другі прыедзе», – скардзіцца жыхарка вёскі Сыч Ядвіга.

«Страшна падумаць, што будзе, калі яны сустрэнуць гэтага мядзведзя. Дзеці цяпер не пужаныя, бачаць мядзведзя ў заапарку і мульціку. Не дай бог які-небудзь шасцігадовы малы палезе абдымацца», – падтрымлівае Наталля, жыхарка Барысава.

Напрыканцы траўня звер выйшаў да гарадской школы і дзіцячага садка, ён не баіцца ні сабак, ні чалавека.

«Ёсць падстава меркаваць, што ён жыў побач з чалавекам, і таму ў яго адсутнічае пачуццё страху. Насамрэч буры мядзведзь можа ўяўляць небяспеку і ўяўляе. У дадзеным выпадку аптымальны варыянт – гэта знерухоміць яго і вывезці ў дрымучыя лясы», – кажа біёлаг Кацярына Пажытнава з расейскага Цэнтру ўратавання мядзведзяў.

Такі варыянт у сярэдзіне траўня разглядаўся і ў Барысаўскім райвыканкаме, але пакуль што мядзведзя ніхто не злавіў.

«Існуюць праблемы з выратаваннем падобных мядзведзяў. Справа ў тым, што працэс знерухомвання і абсталяванне, неабходнае для гэтага, – дарагія. І не ва ўсіх абсталяванне ёсць у наяўнасці», – тлумачыць біёлаг Кацярына Пажытнава.

Мясцовым прапаноўваюць звяртацца ў міліцыю ці да ратавальнікаў. Прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Віталь Навіцкі, у сваю чаргу, у неафіцыйным каментары сцвярджае, што ратавальнікі не абавязаныя гэтым займацца.

Мясцовыя звязваюць выхад драпежніка да чалавека з высяканнем лясоў. Біёлаг жа верагоднейшаю прычынаю называе пошук драпежнікамі пажытку.

Алена Дубовік