Украінскія вайскоўцы вызваляюць Кіеўскую вобласць. 38-ы дзень вайны


Спецназ украінскай паліцыі пачаў зачыстку гораду Буча пад Кіевам. Тым часам у Балаклеі ў Харкаўскай вобласці расейскія акупацыйныя войскі абстралялі раённы шпіталь, хоць Балаклея пакуль пад акупацыяй расейцаў. Таксама вядома, што сёння па гуманітарных калідорах удалося эвакуяваць больш за 4 тысячы украінцаў, частка з іх з Марыупаля.

Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць украінскія гарады. У Харкаве некалькі ракетаў узарваліся на тэрыторыі парка культуры і адпачынку імя Горкага. Пашкоджаныя дзіцячыя атракцыёны і кавярні. Паранены працаўнік службы азелянення, які працаваў там падчас абстрэлу.

У выніку расейскага ракетнага ўдару па горадзе Паўлаград Днепрапятроўскай вобласці там спыніліся цягнікі. Адна з ракетаў трапіла ў чыгунку, пашкоджаныя калеі і кантактныя сеткі, узарваліся вагоны.

Пакуль расейскія наземныя войскі ўцякаюць з Кіеўскай вобласці, у самой сталіцы застаецца небяспека варожых авіяналётаў. Але багата людзей не плануе выязджаць далей ад лініі фронту.

«Вядома, мы шмат думалі пра ад’езд. Але гэта страшна. Нават з дому выйсці страшна. Таму мы пастанавілі быць у Кіеве. Мы верым у Збройныя сілы Украіны, яны нас абараняюць. Чакаем перамогі», – распавяла журналістам Наталля Зісько, якая нарадзіла дзіця падчас вайны.

Радзільныя дамы і шпіталі ўкраінцы абкладваюць мяхамі з пяском. Сюды прыбываюць параненыя вайскоўцы і цывільныя асобы.

«Падчас вайны ёсць месца, дзе праходзіць лінія фронту, як правіла, адтуль вялікі наплыў хворых. І ў нас не хапае магчымасцяў, каб аказваць усім дапамогу», – тлумачыць кіеўскі хірург Іван Яворскі.

Сямʼя Карыванскіх спрабавала выехаць з Кіева з пачаткам баявых дзеянняў. Але іх аўтамабіль трапіў пад агонь расейскіх дэсантнікаў. «Я хачу зноў завесці сабаку. Калі мне не аддадуць майго сабаку, то хачу завесці новага», – кажа Вова Карыванскі. Найбольш Вова сумуе па сваім браце і бацьку, якія тады загінулі.

У горадзе Сумы людзі наводзяць парадак пасля расейскага авіяналёту, які адбыўся 8 сакавіка. Тады бомбамі забіла 22 асобы, у тым ліку трое дзяцей. Вось гэты сабака стаў бадзяжным, бо загінулі ягоныя гаспадары цэлай сямʼёй.

Вось што кажуць жыхары Сумаў:

«Я жыву вось там ніжэй, на вуліцы Янкі Купалы. Прыйшоў з начной змены, а вокны і шыбы павырываныя».

«З гэтага боку, дзе вокны забітыя дошкамі, драўнінай, цыратай, каб выбуховай хваляй не выбіла, там засталося. А з таго боку няма анічога».

«Адзіная радасць – што жывыя і здаровыя».

У Мікалаеве, дзе расейцы 29 сакавіка ракетай зруйнавалі будынак абласной адміністрацыі, працягваецца разбор завалаў. Як паведамляе «Радыё Свабода», сярод загінулых у будынку знайшлі цела кіраўніцы беларускай грамады Мікалаева Таццяны Дзяменнікавай. Яе апазналі сваякі. Таццяна Дзяменнікава працавала ў эканамічным дэпартаменце вобласці, узначальвала абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзімы». На сёння вядома пра 35 загінулых у будынку адміністрацыі.

Расейскія салдаты, якія прыбылі з Украіны ў Беларусь, былі заўважаныя ля паштовых аддзяленняў. Гэтак у Мазыры каля службы экспрэс-дастаўкі СДЭК расейцы выгружалі з КАМАЗаў цюкі з рэчамі, а потым афармлялі перасылку ў Расею вялікай колькасці рэчаў: мабільныя тэлефоны, бытавую тэхніку, вопратку – усё, што прывезена з Украіны. Таксама галоўнае ўпраўленне выведкі украінскага Генштабу паведамляе, што ў Нароўлі Гомельскай вобласці расейскія акупацыйныя войскі зладзілі кірмаш, распродаж нарабаваных рэчаў.

Расейскі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб пажары нафтабазы ў Белгарадскай вобласці, паводле артыкулу аб тэракце. Губернатар Белгарадскай вобласці абвінаваціў у абстрэле нафтабазы ўкраінскую авіяцыю. Афіцыйны Кіеў не абвяргае і не пацвярджае датычнасць да здарэння.

Сёння ў Расеі прынамсі ў 14 гарадах праходзяць антываенныя акцыі. Лік затрыманых ужо ідзе на сотні. Перадусім паліцыя разганяе людзей у Маскве. Там затрымалі нават мужчыну, які выйшаў на адзіночны пікет з пакункам кілбасы вытворчасці фірмы «Міраторг» – яе кантралюе былы прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. На пакунку была закрэсленая палова назвы, каб атрымалася слова «Мір».

Таксама ў розных гарадах Расеі сёння прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы ў падтрымку вайны, якую там называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй». У Кемерава, Уладзіміры, у падмаскоўным парку мілітарысцкіх забаваў «Патрыёт» расейскія трыкалоры суседнічалі са сцягамі Савецкага Саюзу, гербамі спецпадраздзяленняў і сімвалам гэтай вайны лацінскай літарай «Z». Сярод удзельнікаў актыўнасцю вылучаліся чальцы «Юнарміі» – арганізацыі, якая рыхтуе расейскіх падлеткаў і дзяцей да вайны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»