Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі


Еўразвяз рыхтуе новыя санкцыі ў дачыненні Расеі, якія, зрэшты, не закрануць энэргетычны сектар. Пра гэта распавялі еўрапейскія СМІ са спасылкай на еўракамісара па эканамічных пытаннях Паола Джэнцілоні. Свае санкцыйныя спісы на днях пашырылі таксама ЗША.

Злучаныя Штаты 1 красавіка пастанавілі ўвесці новыя санкцыі, якія закранулі як Расею, так і Беларусь: гаворка ідзе пра экспартавыя абмежаванні для 120 юрыдычных асобаў, звязаных з абаронным, марскім і аэракасмічным сектарамі. Чакаецца, што санкцыі набудуць моц пасля 7 красавіка.

«Сёння мы абвясцілі пра дадатковыя санкцыі ў дачыненні расейскіх тэхналагічных кампаніяў, якія дазваляюць Пуціну весці вайну. Мы не дазволім ім набываць заходніх тэхналогіяў і ўхіляцца ад нашых жорсткіх санкцыяў, уключаючы аэракасмічны, марскі сектар і сектар электронікі. У бліжэйшыя дні Міністэрства гандлю таксама распачне далейшыя дзеянні для аслаблення абароннага, аэракасмічнага і марскога сектараў Расеі, дадаўшы ў санкцыйны спіс 120 прадпрыемстваў у Расеі і Беларусі, у выніку чаго колькасць расейскіх і беларускіх кампаніяў пад санкцыямі вырасце да 200 з пачатку ўварвання», – заявіла прадстаўніца Белага Дому Кейт Бэдынгфілд.

Сярод кампаніяў, якія трапілі пад пашырэнне санкцыяў, – Інстытут тэарэтычнай і эксперыментальнай фізікі, ваенна-прамысловая карпарацыя «НВА машынабудавання» і шмат якія іншыя. З беларускага боку спіс папоўнілі падраздзяленне КДБ «Альфа», упраўленне ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму і ўнутраныя войскі МУС Рэспублікі Беларусь.

«Санкцыі – гэта шырокамаштабная акцыя, якая выключае цэлыя сектары. То бок, нават, калі яны кагосьці не тычыцца асобна, то трэба разумець, што людзі, якія бачаць канчатковага бенефіцыяра або атрымальніка ў асобе ўказаных арганізацый, яны проста будуць адмаўляцца ад заключэння кантрактаў, каб ускосна нават не патрапіць пад санкцыі», – лічыць украінскі ваенны эксперт Сяргей Грабскі.

Згодна з дакументам, апублікаваным на сайце Федэральнага рэестру ЗША, усе пералічаныя структуры «дзеялі насуперак інтарэсам нацыянальнай бяспекі або замежнай палітыкі Злучаных Штатаў». У выніку санкцыяў усе пералічаныя арганізацыі фактычна пазбавяцца доступу да амерыканскіх тэхналогіяў.

«Мы гаворым зараз аб тых тэхналогіяіх, якія датычацца аэракасмічнай галіны, аб айці-тэхналогіях, сістэм кіравання і сувязі, сістэме навядзення высокадакладнай зброі тых краін, да якіх Расею і Беларусь зараз дакладна нельга аднесці. Можна прывесці проста прыклад: нават Лада ў Расеі зараз спынілася, таму што нейкія невялікія, але вельмі важныя электронныя дэталі не пастаўляюцца».

Асобна ў дакуменце згадваецца, што «Беларусь у значнай ступені спрыяла» ваеннаму ўварванню Расеі ва Украіну і падтрымлівала Узброеныя сілы Расеі. Цяпер ваенная галіна і Расеі, і Беларусі, паводле ваенных экспертаў, будзе адкінутая на дзясяткі гадоў назад.

«Сучаснай вытворчасці ў Расеі і Беларусі няма ад слова зусім, таму яны вельмі моцна залежалі менавіта ў сваім тэхналагічным працэсе ад тэхналогій, якія маглі быць атрыманы толькі з Захаду».

Пра тое, што санкцыі трэба рабіць больш жорсткімі, сёння заявіла старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэўшам Маравецкім.

«Неабходныя дадатковыя санкцыі. Так, больш эфектыўнае выкананне дзейных санкцыяў мае вырашальнае значэнне, але таксама вельмі неабходная больш якасная і эфектыўная ваенная дапамога Украіне», – выказалася Рабэрта Мэтсаля.

«Санкцыі, якія мы да гэтага часу ўвялі, не працуюць. Лепшы таму доказ – абменны курс рубля. Курс рубля, гэтая лакмусавая паперка, вярнуўся да ўзроўню, які быў да расейскай агрэсіі супраць Украіны», – заявіў Мэтэуш Маравецкі.

Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль засцярог іншыя краіны ад таго, каб дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі:

«Любыя спробы абысці санкцыі ці надаць дапамогу Расеі падоўжаць вайну. Гэта прывядзе да большых чалавечых ахвяраў і большай эканамічнай шкоды. Мы таксама будзем захоўваць пільнасць у дачыненні любых спробаў дапамагчы Расеі ў фінансавай або ваеннай сферы», – заявіў Старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль.

Абысці санкцыі з дапамогаю дружалюбных краінаў становіцца ўсё складаней: нават Казахстан, куды яшчэ ў студзені сёлета былі накіраваныя ў тым ліку расейскія і беларускія «міратворцы», адмовіўся дапамагаць Маскве і Менску. У сваю чаргу Кітай таксама заявіў пра негатовасць ісці на канфрантацыю з Еўразвязам і ЗША, у той жа час не збіраючыся разрываць гандлёвых адносінаў з Расеяй.

Фота вокладкі: Reuters

Аляксандра Шапаліна, «Белсат»