На чым трымаецца саюз Беларусі і Расеі?


Акрамя чырвона-зялёных сцягоў, на цэнтральных праспектах у Менску сёння можна ўбачыць яшчэ і расейскі трыкалор. Роўна 25 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка разам з Барысом Ельцыным падпісалі ў Маскве дамову «Аб стварэнні Супольнасці Расеі і Беларусі». Замацавалі пагадненне чаркаю гарэлкі. Сёння Масква і Менск абмяняліся віншавальнымі тэлеграмамі.

«З тых часоў шмат што ўдалося зрабіць для ўмацавання расейска-беларускіх сувязяў. Механізмы Саюзнай дзяржавы забяспечваюць высокі ўзровень двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і шмат якіх іншых сферах» – гаворыцца ў віншавальнай тэлеграме Уладзіміра Пуціна.

Тагачаснае рашэнне Лукашэнкі пайсці на саюз з Расеяй магло быць звязанае перадусім з ягонымі амбіцыямі заняць крэсла кіраўніка новай дзяржавы, адзначаюць палітолагі. Што праўда, за гэты час прэзідэнт у Расеі змяніўся тройчы, а дамоўленасць пра адзіную валюту, канстытуцыю ды наднацыянальны парламент гэтак і засталася на паперы.

Затое Лукашэнка атрымаў ільготы на вуглевадароды. Праўда, такое сяброўства з Расеяй час ад часу азмрочвалася гандлёвымі войнамі, а пазалетась – падатковым манеўрам.

«Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы пастаянна ў эканоміцы нешта губляем, губляем і губляем. Выбачайце мяне, нахрана каму патрэбны такі саюз!» – казаў Аляксандр Лукашэнка ў 2019-м годзе.

Дамову, падпісаную чвэрць стагоддзя таму, Пуцін назваў першым крокам на шляху інтэграцыі дзвюх краінаў. Расейскі прэзідэнт узгадаў пра яе ў 2019-м. Тады пастанавіў пастаўляць нафту і газ для нашае краіны па сусветных коштах або пакінуць ільготы наўзамен на выкананне ўсіх пунктаў дамовы Саюзнай дзяржавы. Але распрацоўванне дарожных мапаў паглыбленай інтэграцыі выклікала пратэст беларусаў.

Канчаткова лаяльнае стаўленне да саюзу з Расеяй Лукашэнка прадэманстраваў у 2020-м, калі Пуцін стаў адным з першых і нямногіх сусветных лідараў, якія прызналі вынікі выбараў у Беларусі легітымнымі. У інтэрв’ю аднаму з расейскіх тэлеканалаў Лукашэнка заявіў, што Пуцін – гэта ягоны адзіны сябар ва ўсім свеце.

«Але такога няма. Ні зараз, ні раней, ніколі сяброўскіх стасункаў паміж гэтымі ворагамі не было. Але іх варожасць адносна адзін аднаго перакрываецца эгаістычнымі інтарэсамі абодвух. І ў гэтым сэнсе яны хаўруснічаюць не таму, што сябруюць, а таму, што пераследуюць пэўныя антынацыянальныя мэты як у Расеі, так і ў Беларусі» – кажа метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Афіцыйнае свята, аднак, завецца Днём адзінства народаў Беларусі і Расеі. Пазіцыю ж палітыкаў вакол сітуацыі ў Беларусі падзяляюць далёка не ўсе расейцы.

У 2019-м перамовы аб паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй зайшлі ў тупік, да абмеркавання вярталіся, але з перапынкамі. Паводле амбасадара Беларусі ў Расеі Уладзіміра Сямашкі, Менску і Маскве засталося ўзгадніць яшчэ сем дарожных мапаў, што, найхутчэй, адбудзецца ў красавіку. Змест жа дакументаў дагэтуль не вядомы грамадскасці.

Міхаіл Прановіч, Белсат