Чаму смяротнасць засакрэчваюць?


2267 чалавек. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя столькі беларусаў памерлі праз COVID-19 за ўвесь перыяд распаўсюду інфекцыі. Праверыць афіцыйны лік праз колькасць залішніх смерцяў немагчыма, бо Белстат не апублікаваў сёлета гадавой статыстыкі смяротнасці.

Аналітык цэнтру ІSANS Андрэй Елісееў кажа, што год таму, пачаўшы хаваць гэтую інфармацыю, улады паставілі сябе ў няёмкае становішча:

«Я ўвогуле мяркую, што беларускія ўлады на пачатку эпідэміі параўноўвалі яе з эпідэміяй свінога грыпу, думалі, што гэтая эпідэмія хутка завершыцца, і лічбы смерці не будуць надта высокімі, іх можна будзе схаваць у агульнай статыстыцы смяротнасці».

Цэнзура статыстыкі, на думку аналітыка, пацвярджае, што рэальная колькасць смерцяў ад Ковід-19 можа быць у дзясяткі разоў большая, чым падае Міністэрства аховы здароўя.

Неафіцыйныя звесткі пра рэзкае павелічэнне дынамікі смяротнасці ў час пандэміі трапляюць і ў медыі. Гэтак, «Еўрарадыё» паведамляла, што летась толькі на Віцебшчыне памерлі амаль на дзве з паловаю тысячы чалавек больш, чымся ў 2019.

Каб рабіць высновы аб колькасці смерцяў ад каронавіруса або эфектыўнасці дзеянняў ураду ў змаганні з эпідэміяй, трэба дачакацца яе завяршэння, адзначаюць адмыслоўцы. Але рост колькасці смерцяў ускосна азначае і тое, што шмат людзей у краіне ўжо перамаглі хваробу.

«Трэба насамрэч глядзець не толькі колькасць памерлых, але і колькасць перахварэлых. Чаму, напрыклад, няма залішняй смяротнасці ў Фінляндыі? Бо там вельмі мала людзей перахварэла, і толькі цяпер пачынаецца ўмоўная трэцяя хваля», – кажа эпідэміёлаг, навуковы супрацоўнік Еўрапейскага ўніверсітэту ў Санкт-Пецярбурзе Антон Барчук.

Заніжэнне смяротнасці ад COVID-19 – праблема не толькі ў нашай краіне, адзначае Андрэй Елісееў. Гэта непазбежна, між іншага, таму, што на пачатку эпідэміі, калі не была адладжаная дыягностыка, смерці ад каронавіруснай інфекцыі адносілі да іншых катэгорыяў. Але істотна ведаць прычыны і ўсвядомленасць такіх дзеянняў.

«Калі ў іншых дэмакратычных прававых краінах гэта заніжэнне адбываецца з нейкіх практычных прычынаў, медычных, то ў Беларусі заніжэнне адбываецца з палітычных прычынаў, калі з самага высокага верху робяцца ўстаноўкі на вялізныя маніпуляцыі», – адзначае Андрэй Елісееў.

Менавіта неадпаведнае стаўленне кіраўніцтва краіны да эпідэміі прывяло, між іншага, да незадаволенасці ў грамадстве і да падвышэння пратэставых настрояў. Гэтага ўлады баяцца і цяпер, лічыць аналітык.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»