Жарсці вакол расейскага самалёту: ці насамрэч была дыверсія?


Не сціхаюць жарсці вакол расейскага самалёта-выведніка А-50, які, імаверна, атакавалі з дапамогаю дронаў беларускія партызаны на аэрадроме ў Мачулішчах. Дзяржаўныя медыі заявілі, што паведамленні «Bypol» пра дыверсію – фэйк, і размясцілі відэа з нібыта непашкоджаным самалётам. А тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» піша, што сёння А-50 пакінуў тэрыторыю Беларусі. Што ўва ўсёй гэтай гісторыі праўда, а што – не?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Самалёт А-50 сёння ўзляцеў з аэрадрому ў Мачулішчах, паведамляе «Беларускі Гаюн». Гэта тая машына, што днямі, імаверна, атрымала пашкоджанні падчас дыверсіі. Відэа ўзлёту таксама апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Напярэдадні відэа самалёта з такім самым бартавым нумарам 43 паказалі дзяржаўныя медыі. Як пацверджанне таго, што ён цэлы і што паведамленне «Bypol» пра дыверсію беларускіх партызанаў – няпраўда. Лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Ліхадзед кажа, што відэа нельга лічыць стоадсоткавым доказам.

«Можна запусціць рухавікі, каб ён праруліў метраў 100-150. Але ў якім стане самалёт, якія мае пашкоджанні – мы не разумеем. Гэта маглі зняць месяц таму ці за дзень да дыверсіі», – кажа Аляксандр Ліхадзед.

Аляксандр Ліхадзед на падставе нядаўна апублікаваных спадарожнікавых здымкаў мяркуе, што гаворка можа ісці пра пашкоджанне антэны. Звычайна яна пафарбаваная белай супрацьатамнай фарбай, кажа эксперт. На здымках да меркаванага здарэння пацямнення не відаць. Таксама ўзнікае пытанне, чаму відэа здымалі ўпоцемках.

«Я б здымаў у добрае надвор’е. Зняў бы агульны выгляд, абышоў бы з камерай вакол. Потым запусціў бы рухавік, паруліў – і досыць. Было б відаць, што самалёт цэлы і працаздольны. Вось як трэба рабіць, а не так, што спачатку ці то світанак, ці то захад, а потым – глухая ноч. Карацей, няма ў іх мазгоў!» – разважае Аляксандр Ліхадзед.

Сёння дзяржаўнае тэлебачанне апублікавала дзённую здымку А-50. Таксама нібы пасля меркаванай дыверсіі. Мы супаставілі іх з папярэдняю начною. Папоцемку на антэне заўважныя цёмныя плямы. Удзень з такога самага ракурсу іх не відаць. Што пакідае пытанні адносна даты здымак. Зʼяўленне гэтых відэа «Белсату» пракаментаваў кіраўнік «Bypol» Аляксандр Азараў, які першым агучыў навіну пра дыверсію ў Мачулішчах.

«Дыверсія была ўчыненая з мэтай пашкодзіць абсталяванне, а не сам самалёт, каб ён не ўзляцеў. Металёвыя шарыкі ў выбухоўцы пашкодзілі абсталяванне, гэтага не будзе відаць на спадарожнікавых здымках і знятым здалёк відэа. Нават калі самалёт ляціць, гэта не даказвае, што абсталяванне цэлае. Крылы не былі пашкоджаныя», – заявіў Аляксандр Азараў.

Паводле «Беларускага Гаюна», А-50 пасля ўзлёту пакінуў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь і, верагодна, кіруецца на рамонт у Таганрог. У беларускага Міністэрства абароны ёсць свая версія: самалёт планава аблятаў дзяржаўныя межы Беларусі. Паведамленні Мінабароны ў цяперашніх акалічнасцях не вартыя даверу – мяркуе вайсковы аглядальнік «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

«Чатыры дні яны маўчалі, нічога адэкватнага не было ні сказана, ні паказана. Бачна, што гэта была паніка. Бачна, што яны доўга думалі, рэагаваць ім ці не рэагаваць. І калі да іх дайшло, што трэба нешта паказаць, яны нарадзілі вельмі сумнеўнай якасці прадукт», – кажа Зміцер Міцкевіч.

Крыніцы «Белсату» ў беларускіх вайсковых колах кажуць, што падзеі на аэрадроме ў Мачулішчах развіваліся прыкладна так, як гэта распавядае «Bypol». А сёння абʼяднанне былых беларускіх сілавікоў апублікавала відэа з дрона, які сядае на антэну А-50, падобна, у Мачулішчах. «Bypol» называе гэты эпізод выведкай і адзначае, што сістэма супрацьпаветранай абароны аказалася няздольнай выявіць беспілотнікі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»