Віктар Ягун: «Гэта зроблена для таго, каб паказаць свету што ўкраінцы вось такія вось звяры»


Група ўкраінскіх вайскоўцаў колькасцю ад 40 да 50 чалавек трапіла ў сумежную з Украінай Бранскую вобласць. Такую інфармацыю раніцаю пачалі распаўсюджваць расейскія прапагандысцкія тэлеграм-каналы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта правакацыя Расеі. Тое, што яны да яе рыхтуюцца, ўкраінскі бок сказаў яшчэ некалькі дзён таму. Паступала разведвальная інфармацыя па Чарнігаўскім напрамку, таму мы нават не здзівіліся, калі пачулі інфармацыю аб тым, што зайшло ДРГ у складзе 50 чалавек. Гэта наогул абсурд, бо ДРГ больш за 5 чалавек проста не бывае, усё што больш – гэта нейкія фармаванні незразумелага паходжання», – заявіў генерал-маёр запасу Службы бяспекі Украіны Віктар Ягун.

Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз, заявіў, што «ўкраінская дыверсійна-разведвальная група» абстраляла аўтамабіль, у выніку чаго загінуў адзін мясцовы жыхар і паранены 10-гадовы хлопчык. Ён таксама паведаміў пра атаку беспілотнікаў, у выніку якой у вёсцы Сушаны загарэўся жылы дом. Медыі паведамілі пра нібыта абстрэл школьнага аўтобуса, далей з‘явіліся звесткі пра захоп ад 6 да 100 закладнікаў у вёсцы Сушаны і Любячане. Таксама паведамлялася, што ў Сушанах здзейснены падрыў газавай і электрападстанцыі.

«Недзе тыдзень таму ўкраінская разведка казала, што менавіта ў гэтым раёне былі адзначаныя людзі ў характэрным украінскім камуфляжы. Не выключаецца правакацыя», – паведаміў чалец «New Geopolitics Research Network» Міхайла Самусь.

«Гэта зроблена для таго, каб паказаць свету што ўкраінцы вось такія вось звяры. Гэта адзін момант. А другое – падняць хвалю незразумелых настрояў у Расеі. Маўляў, трэба правесці мабілізацыю, трэба спыніць ворага. Такая вось патрыятычная рыторыка», – дадаў Віктар Ягун.

Неўзабаве ў сеціве з’явіліся два відэа, дзе людзі ў вайсковай форме, якія называюць сябе «Рускі дабравольчы корпус», заяўляюць, што «мы прыйшлі сюды, каб вас вызваляць».

«Мы – байцы РДК, запісваем відэа з Бранскай вобласці, мы прыйшлі сюды не як ДРГ, а як вызваленчае войска на сваю родную зямлю, у адрозненні ад пуцінскай арміі гвалтаўнікоў мы не ваюем з мірным насельніцтвам», – сказалі людзі ў форме.

У Крамлі паведамілі, што ў Бранскай вобласці адбылася атака тэрарыстаў, а Пуцін аператыўна атрымлівае інфармацыю і нават адмяніў працоўную паездку ў Стаўрапаль. ФСБ заявіла пра нібыта «ўзброеных украінскіх нацыяналістаў» у Бранскай вобласці.

«Мэта гэтай ІПСА – фармаванне наратыву “Уставай краіна велізарная”, мы павінныя зараз вось згуртавацца вакол вялікага Пуціна і разам устаць, кінуць усё, запісацца ў вагнераўцы, у войска, мабілізавацца і пайсці забіваць украінцаў», – дадаў Міхайла Самусь.

Украінскае аператыўнае камандаванне «Поўнач» паведаміла, што Расея можа выкарыстоўваць правакацыі дзеля дыскрэдытацыі ЗСУ, а дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк пракаментаваў сітуацыю гэтак:

«Гісторыя пра ўкраінскую ДРГ у РФ – гэта класічная правакацыя. Абсалютна свядомая. Расея хоча спужаць сваіх, каб за год вайны хоць неяк апраўдаць напад на іншую краіну і беднасць, якая расце. Тым часам партызанскі рух у РФ робіцца мацнейшым і больш агрэсіўным. Бойцеся сваіх партызанаў».

Пазней ТАСС заявіў, што ўкраінскія дыверсанты пакінулі Расею, на тэрыторыі РФ ужо нікога няма і ідзе пошук байцоў, якія маглі б застацца.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»