«Была спроба дзяржаўнага перавароту». СК завяршыў расследаванне справы ў дачыненні давераных асобаў Ціханоўскай


Планавалі захоп дзяржаўных будынкаў. Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні чатырох давераных асобаў Святланы Ціханоўскай. Яны пад вартаю, ім выставілі абвінавачванні паводле некалькіх крымінальных артыкулаў. Адносна самой Святланы Ціханоўскай Следчы камітэт перадаў дакументы ў Генпракуратуру для ейнай экстрадыцыі.

5 жніўня. Гомель. Давераныя асобы кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай абмяркоўваюць план захопу адміністрацыйных будынкаў. Ціханоўская вагаецца, але гэты вырваны з кантэксту выраз, які ў мантажы сілавікі ўклеілі пасля прапановы невядомага закупіць электрашокеры, мае быць доказам ейнага падтрымання дзяржаўнага перавароту.

«Там бачна, што відэа нарэзанае. І як раз той момант, дзе я кажу, што я толькі «за» мірныя пратэсты, калі яны будуць, і што з ніякім гвалтам я справу мець ня буду. Устала і выйшла з кабінету. Мая пазіцыя была тады такая, яна і зараз застаецца такой», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Праз 7 месяцаў пасля гэтай сустрэчы Следчы камітэт скончыў расследаваць крымінальную справу супраць былых давераных асобаў Святланы Ціханоўскай, а цяпер палітычных вязняў Юрыя Уласава, Таццяны Канеўскай, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх вінавацяць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

«У мінулым годзе, і гэта бясспрэчны факт, была спроба дзяржаўнага перавароту. Па-іншаму гэта назваць нельга. Да нас была ўжыта тэхналогія каляровай рэвалюцыі. Прычым дастаткова такая радыкальная форма. Але ў цэлым сістэма, у тым ліку праваахоўная, паказала ўстойлівасць і жыццяздольнасць», – заявіў сёння генеральны пракурор Андрэй Швед.

Устойлівая і жыццяздольная сістэма адказала забойствамі і збіваннем мірных пратэстоўцаў.

Увесну і ўлады, і штаб Святланы Ціханоўскай рыхтуюцца да новай хвалі пратэстаў. Калі ўлады намагаюцца запужаць людзей рэпрэсіямі і збіць хвалю, Ціханоўская заахвочвае людзей да актыўнага пратэсту і прагназуе сыход Аляксандра Лукашэнкі з улады праз моцны ціск у Беларусі.

Людзям патрэбны дакладны план перамогі, упэўнены палітолаг Павел Усаў:

«Толькі ясны план можа матываваць людзей рызыкаваць сваёй свабодай, здароўем, а магчыма, і жыццём. Яны павінны ведаць, дзеля чаго. Лукашэнка сам не сыдзе, нават калі выйдуць 300 тысячаў чалавек. Толькі выключна даволі – у параўнанні са жнівеньскімі падзеямі – радыкальнымі дзеяннямі можна змусіць улады саступіць».

Пакуль Следчы камітэт абвесціў Святлану Ціханоўскую ў вышук, а дакументы пра ейную экстрадыцыі скіраваў у Генеральную пракуратуру.

Ігар Станкевіч, «Белсат»