Ручное рэгуляванне цэнаў скасуюць?


У правілы рэгулявання цэнаў унеслі змены. Прадаўцам дазволілі самастойна вызначаць цэны на некаторыя тавары і трохі лібералізавалі парадак цэнаўтварэння. Імаверна, пастанову пра разрэзаную курыцу, што прынялі на загад Лукашэнкі, будуць паступова скасоўваць. Але шкоду эканоміцы паспелі нанесці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія чыноўнікі крыху аслабляюць гайкі: зрабілі некаторыя паслабленні ў цэнаўтварэнні для вытворцаў, імпарцёраў і прадаўцоў. Напрыклад, можна ўключаць у цану тавару выдаткі на дастаўку. На думку эканаміста Алега Мазаля, цэнавы кантроль будуць паступова спускаць на тармазах.

«Будуць рабіць гэта паступова і глядзець, што будзе. Будзе нейкі ўплыў на вытворчасць ці не. Будуць больш купляць тавараў спажывецкіх грамадзяне ці не», – кажа Алег Мазоль з «BEROC».

Некаторыя ж тавары з рэгуляванага спісу ўвогуле прыбралі. Прадаўцы змогуць, дапусцім, вольна вызначаць цэны на свініну і ялавічыну без костак, цукар у маленькіх упакоўках, на проса і лімонную кіслату. З усіх відаў рысу рэгуляванню цяпер падлягае толькі белы, сала – толькі салёнае, з чыпсаў – толькі бульбяныя. Па-ранейшаму рэгулююцца, напрыклад, цэны на ўсе віды лямпачак, пену для галення ды інструменты. Агулам у спісе застаюцца больш за 300 тавараў.

Барацьба за зніжэнне цэнаў прывяла да скарачэння асартыменту ў крамах. Пра гэта беларусы пісалі ў рэдакцыі незалежных медыяў яшчэ ўвосень. Сённяшняе апытанне ў сацсетках «Белсату» паказала, што звужэнне выбару адзначаюць 67 % гледачоў. Гульня ў савецкі Дзяржплан уладам не ўдалася, кажа Алег Мазоль. Яна будзе мець негатыўныя наступствы для беларускай эканомікі.

«У любым разе рэгуляванне цэнаў вядзе да зніжэння якасці тавараў, магчымасці купляць больш разнастайныя тавары. Гэта азначае, што людзі сталі менш набываць. Ну, і прадаўцы, адпаведна, меней замаўляюць», – мяркуе Алег Мазоль.

Падае попыт – падае вытворчасць. І змяншаюцца падатковыя паступленні ў бюджэт. Мае сітуацыя і палітычны аспект. У кастрычніку паведамлялася пра больш як 30 крымінальных справаў, што завялі за павышэнне цэнаў. Аглядальнік Віталь Цыганкоў бачыць у гэтым лагічны працяг рэпрэсіўнай практыкі.

«Ясна, што гэта ўсё павінна распаўсюджвацца не толькі на палітыку, але і на эканоміку. У агульным цяперашнім стаўленні дзяржавы да народу не думайце, што рэпрэсіі будуць тычыцца толькі тых, хто займаецца нейкай, умоўна кажучы, палітычнай дзейнасцю», – кажа Віталь Цыганкоў.

Забарона падвышаць цэны – гэта яшчэ і заігрыванне з пэўнай часткай насельніцтва, мяркуе эксперт.

«Многія людзі жывуць яшчэ такім стаўленнем да эканомікі, што ёю трэба кіраваць, не трэба даваць волі бізнесоўцам. Таму любое зніжэнне цэнаў часткай насельніцтва вітаецца. Якім спосабам гэта дасягнутае – не так і важна», – тлумачыць Віталь Цыганкоў.

Статыстыкі пра тое, як змяняўся рознічны тавараабарот пасля ўвядзення кантролю над цэнамі, мы ў адкрытым доступе не знайшлі. Агулам жа за мінулы год такі тавараабарот упаў на 3,7 %.

Валянцін Васіленка, «Белсат»