Ракетныя ўдары па Краматорску – ёсць ахвяры


Вывернутыя міжпавярховыя пліты, абломкі цэглы, раскіданыя хатнія рэчы. Ратавальнікі разбіраюць завалы на месцы, дзе быў жылы дом і жывыя людзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Наша кватэра напалову знішчаная, – кажа жыхар разбуранага дому Аляксандр. – Тры пакоі праваліліся, а два засталіся. Вось прыехалі, каб выратаваць хоць нешта, бо вельмі цяжка ўсё, вельмі сумна».

Познім вечарам серады расейскае войска нанесла ракетны ўдар па цэнтры гораду Краматорск. Цалкам разбураны пад’езд чатырохпавярховага дому.

«Бух – і пачало бухаць, страляць, што там адбывалася… Мы тэлевізар з Сонькай – коткай – глядзелі. Я пабег у спальню – вокнаў няма. Нічога няма – усё павырывала», – дзеліцца эмоцыямі жыхар суседняга дому Леанід Клунны.

Вядома прынамсі пра трох загінулых. Яшчэ блізу дваццаці атрымалі раненні. Двое з іх у цяжкім стане.

«Грымнула, балюча – і ўсё, цемра. Вакол друз, усё разбурана», – успамінае жыхарка разбуранага дому Наталля Хіжняк.

Цягам дня Расея здзейсніла яшчэ два ракетныя ўдары па Краматорску. У выніку пашкоджаныя цывільныя абʼекты і жылыя дамы, ёсць пацярпелыя.

«Выбухі і ўсё – бяжым. Павыляталі вокны, дзверы», – распавядае пра ракетны ўдар жыхар Краматорску.

Атаку расейскай арміі на цывільныя абʼекты Украіны пракаментаваў Уладзімір Зяленскі:

«Жылы дом, ракетны ўдар. Загінулі і застаюцца пад заваламі мірныя людзі. Гэта не паўтарэнне гісторыі, гэта штодзённая рэальнасць жыцця нашай краіны. Краіны, якая тэрытарыяльна мяжуе з абсалютным злом. І якая мусіць яго перамагчы, каб звесці да нуля верагоднасць паўтарэння такіх трагедыяў».

Абстрэл Краматорску далёка не адзіны шакавальны прыклад тэрору расейскай арміі ў дачыненні мірнага насельніцтва Украіны. Толькі цягам апошніх тыдняў ракетныя ўдары былі нанесеныя па жылых дамах у Дняпры, Харкаве і Херсоне. Лік ахвяраў ідзе на дзясяткі чалавек. На думку вайсковага эксперта Рамана Світана, гэта свядомая тактыка расейцаў:

«{Хочуць} абмяняць такога кшталту ўдары, дапусцім, на збожжавую здзелку. Гэта значыць, мы вашых людзей забіваем, а каб мы іх не забівалі, зніміце з нас санкцыі на сталь, на пампаванне аміяку, на што заўгодна».

Расейскі бок цягам вайны не прызнае, што жылыя дамы сталіся цэлямі яго абстрэлаў. Цяпер Міністэрства абароны Расеі адсправаздачылася «аб знішчэнні ў раёне гораду Краматорск пускавых сістэмаў HIMARS ды MLRS».

Ян Федаровіч, «Белсат»