МЗС абвесціла санкцыі ў адказ Літве


Блакаванне транзіту чыгункаю літоўскіх тавараў праз Беларусь абвесціла айчыннае МЗС. Забарона набудзе моц 7 лютага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Намі прынятае рашэнне пра забарону транспартавання транзітам па сваёй тэрыторыі нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў, пагружаных на станцыях Літоўскай чыгункі, якія ідуць з Літвы чыгуначным транспартам», заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Літва ж спыніла транзіт для «Беларуськалію» 1 лютага, а пра свой намер заявіла напрыканцы мінулага года. «Беларуская калійная кампанія» і «Беларуськалій» трапілі ў санкцыйныя спісы, неўзабаве ўрад Літвы прызнаў, што дамова беларускага прадпрыемства з Літоўскаю чыгункаю не адпавядае крытэрыям нацыянальнай бяспекі. Адказ беларускіх уладаў не стаў для Літвы нечаканасцю.

«Мы ацэньваем сур’ёзна, як і іншыя пагрозы беларускага рэжыму. Крызіс з мігрантамі паказаў, што пагрозы трэба ацэньваць сурʼёзна, бо яны могуць стаць рэальнасцю», – адзначыў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Але рашэнне беларускіх уладаў нашкодзіць у першую чаргу самой Беларусі, мяркуе дырэктар офісу «FREEDOM HOUSE» у Вільні Віціс Юрконіс.

«Калі паглядзець, наколькі гэта ўрон Літве, у якой адкрытая эканоміка, якая ў Еўразвязе, якая можа дыверсіфікаваць плыні і гэтак далей… Для Беларусі гэта больш стратаў, бо так ці інакш Літва, Клайпедскі порт ёсць варотамі для шмат якіх тавараў Беларусі ў Еўропу», – падкрэсліў Віціс Юрконіс.

Апроч гэтага Беларусь могуць чакаць яшчэ міжнародныя суды.

«Не кажучы пра імідж, якога ўжо няма, але ў міжнародных структурах Беларусі давядзецца адбівацца і абгрунтоўваць свае ўчынкі, і гэта пагражае штрафамі», – мяркуе Віціс Юрконіс.

Эканамісты – прыхільнікі санкцыяў мяркуюць, што ў «Беларуськалію» не засталося шляхоў для экспарту. Але беларускія ўлады працягваюць шукаць і новыя шляхі, і новых пакупнікоў. Магчымасць перанакіраваць беларускія калійныя ўгнаенні ў расейскія парты Менск абмяркоўвае з Крамлём. А паводле крыніцаў «Reuters», купляць беларускі калій плануе Індыя, не зважаючы на санкцыі Еўразвязу і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»