Улада зноў цісне на бізнес: віцебскую трэнажорную залю прапанавалі зачыніць


«На гэты момант немэтазгодна зачыняць залу, якая функцыянуе. Зала не нясе пажарнай небяспекі для людзей, тут няма хімічных прэпаратаў, нічога гаручага. Жалеза ж не гарыць. У прынцыпе ўсё гэта абсурдна!» – распавядае прадпрымальнік Віталь Пахомчанка.

Уласнік упэўнены, што надзвычайная пільнасць кантрольных органаў звязаная з ягонаю палітычнаю пазіцыяй. Віталя неаднойчы судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Правяранні з такімі вынікамі ўдарылі перадусім па сталічных кавярнях і рэстаранах. Летась адныя пляцоўкі пасля гэтага закрыліся, іншыя сышлі ў бестэрміновы адпачынак, а ўладальнікі бізнесу з‘ехалі за мяжу.

«Улада дае зразумець, што калі вы пачынаеце палітычную барацьбу і афішуеце гэта, то літасці вам не будзе. Гэта сапраўды так. І ў гэтым плане, канечне ж, мы лічым, што гэта парушае нашыя правы. Але чые правы не парушаюцца сёння ў гэтай краіне», – адзначае кіраўнік аб‘яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнік звяртае ўвагу: не зважаючы на пандэмію, дробны бізнес не атрымаў ніякай падтрымкі ад дзяржавы. Тым часам нашыя краіны-суседкі падрыхтавалі адмысловыя пакеты дапамогі для бізнесу.

«Хаця падаткі, вядома, дзесьці павысіліся і на 20, і на 30, і на 40 адсоткаў. Але для нас на сёння важна іншае: каб да нас не прыходзілі з правяраннямі і не выстаўлялі невыканальных патрабаванняў», – падкрэсліў Анатоль.

Адмысловец упэўнены, што праз палітычную сітуацыю ў Беларусі шмат хто з’едзе з краіны: перавядуць свой бізнес і вывезуць сем’і.

Вольга Гоманава, «Белсат»