Прысуд па справе Ціханоўскага, хатняя «хімія» за абразу. Новыя выракі па палітычных справах


«Вы, галоўнае, не пераймайцеся, за мяне не пераймайцеся. Усё скончыцца гэтай вясной», – так на судзе звярнуўся да сваякоў і сяброў Уладзімір Няронскі.

Суддзя Лагойскага раёну Аляксандр Рыбакоў палічыў яго вінаватым у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў абразе прадстаўніка ўлады – старшыні Слуцкага райвыканкаму. Вырак – тры гады калоніі агульнага рэжыму.

«Да апошняга спадзявалася на 90 %, што адбудзецца нейкі цуд. Бо адвакат абараняў палітвязняў, і яму было цяжка. Абараняць невінаватага чалавека горш, чым таго, хто ў чымсьці вінаваты», – кажа Марына Навумовіч, грамадзянская жонка Уладзіміра Няронскага.

Уладзімір Няронскі – аўтар тэлеграм-каналу «Слуцк для жыцця» і першы асуджаны фігурант гэтак званай справы Ціханоўскага. Мужчына за кратамі з траўня. Гэтаксама, як і Сяргей Ціханоўскі – блогер, які спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам на прэзідэнта, але быў арыштаваны ў Горадні пасля правакацыі міліцыі.

Уладзіміра Няронскага пасадзілі за тое, што заклікаў да несанкцыянаваных уладамі мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі. Сёння падтрымаць яго прыйшлі і жыхары Лагойшчыны.

«Падтрымка вельмі вялікая. У майго мужа было вельмі шмат лістоў. 270 перадаў – з розных канцоў Беларусі ды іншых краінаў», – распавядае Марына Навумовіч.

Адзін з найбольш суворых палітычных выракаў сёння вынеслі палітвязню Дзмітрыю Дубкову. Суддзя Савецкага раёну сталіцы Алена Жуковіч палічыла яго вінаватым у крадзяжы транспартавага сродку і ўдзеле ў масавых беспарадках і прызначыла 7 гадоў пакаарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ноч на 11-га жніўня ён быў ля станцыі метро «Пушкінская» і перагарадзіў дарогу грузавіком. Дубкоў не прызнаў сябе вінаватым і ў апошнім слове заявіў, што не згодны з вынікамі выбараў, калі ўся дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной асобы.

А ў Салігорску распачаўся крымінальны працэс над Русланам Акосткам. Былы дэсантнік, працаўнік аграфірмы з вёскі Заўшыцы быў затрыманы яшчэ ў лістападзе, калі выйшаў на вуліцу ў знак пратэсту супраць забойства Рамана Бандарэнкі.

«Мы прыйшлі падтрымаць Руслана Акостку, гэта наш гарадскі актывіст, які, як і ўсе мы, смела выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Прыйсці і падтрымаць яго – пытанне гонару», – тлумачыць жыхар Салігорску Анатоль Бокун.

Да суда прыйшло шмат салігорцаў, але, спасылаючыся на каронавірусную пагрозу, 40 чалавек вывелі на вуліцу.

«Сказалі, месцаў няма. Выгналі з памяшкання, сказалі чакаць на вуліцы, мерзнуць. Стаім, чакаем», – кажа жыхар Салігорску Валянцін.

Руслана Акостку спачатку арыштавалі на 15 дзён за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а потым абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам і нанясенні ім цялесных пашкоджанняў.

«Руслан прайшоў увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам, за гэта яго і затрымалі. А цяпер яму інкрымінуюць супраціў міліцыі», – абураецца жыхарка Салігорску Наталля.

Відэа затрымання шырока разышлося па Салігорску.

«Нікога ён не чапаў, не біў, не нападаў. А яны прыйшлі і проста яго забралі, схапілі і завялі ў машыну. Занеслі нават», – распавядае Ганна, што таксама прыйшла ў суд.

Людзі намагаюцца дапамагаць і сям’і, і самому Руслану. Яму знайшлі адваката.

«Звяртаемся да гараджанаў, шмат неабыякавых людзей, беларусаў, жыхароў Салігорску, якія таксама дапамагаюць сямʼі. У тым ліку харчамі», – кажа Аляксандр Новік, сябар Руслана Акосткі.

У Магілёве суддзя Ленінскага раёну Таццяна Касцюк прысудзіла два гады гэтак званай хатняй хіміі – абмежавання волі паводле месцы жыхарства – Ігару Міценкову, за каментар у інтэрнэце адносна інспектара Дзяржаўтаінспекцыі. Таксама асуджаны мусіць заплаціць кампенсацыю ў 500 рублёў пацярпеламу – інспектару ДАІ Аляксандру Кіркалаву. Уся віна Ігара Міцянкова ў тым, што ён пракаментаваў публікацыю пра буйныя штрафы для кіроўцаў, якія падавалі гукавыя сігналы на знак салідарнасці з мітынгамі пратэсту.

На сёння ў Беларусі праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 220 чалавек.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»