Іпатэка ў Беларусі: доўгачаканая, але ці пад'ёмная?


Раёны, кварталы, квадратныя метры… Цяпер як і ва ўсіх суседніх краінах, у Беларусі маем доступ да іпатэчнага крэдыту. Выдае дзяржаўны «Беларусбанк» на 20 гадоў пад 21 %.

Жыхары Менску адрэагавалі:

«Гэта вельмі дорага. Я калі будавала кватэру, у мяне быў крэдыт пад 15 % і гэта для мяне было дорага».

«Не канешне не ўзяла б. Гэта забойчыя адсоткі, у такую кабалу я б ніколі не ўлезла. Вышэй за 12 % я б не разглядала такія крэдыты».

«Не ведаю для каго яны будуюць і для каго прапаноўваюць».

Крэдыт на жытло даюць без паручальнікаў, у заклад бяруць нерухомасць, якая вам ужо належыць. Эканаміст Сяргей Жбанаў кажа, што ўзяць крэдыт на адну кватэру, а заплаціць за тры – ахвочыя наўрад ці знойдуцца:

«Хутчэй за ўсё банкаўскія чыноўнікі закрываюць у сябе такі пункт, што, маўляў, так, мы даем людзям магчымасць крэдытаваць будаўніцтва жытла».

У некаторых банкаў ёсць партнёрскія праграмы з забудоўнікамі на будаўніцтва жытла. Адсоткавая стаўка – каля 13 %, але няма магчымасці ўзяць крэдыт на ўсю неабходную суму. «Беларусбанк» жа крэдытуе на ўсе 100 пры выдатнай плацежаздольнасці атрымальніка.

Адная з вядучых экспертаў на айчынным рынку нерухомасці Наталля Літоўская ацаніла, хто рэальна і ў якім памеры можа ўзяць іпатэчны крэдыт.

«Калі пазычаеш у банку суму эквівалентную $ 20 тыс, то цягам 4 гадоў вяртаеш банку гэтую суму і цягам 16 гадоў выплачваеш грошы па крэдыце. Таму гэтая іпатэка можа быць цікавая толькі тым, каму патрэбныя $ 5-10 тыс, якіх не хапае на набыццё «другаснага» жытла».

Чалавеку з сярэднім заробкам могуць пазычыць не больш як $ 13 тыс. у эквіваленце, і яму давядзецца палову гэтага заробку штомесячна выплочваць па крэдыце. Фактычна ж гэтая сума пакрые чвэрць аднапакаёвай кватэры. У Расеі сярэдні заробак на Br 200 рублёў большы ў эквіваленце. Але сярэдні кошт іпатэкі – 8 % гадавых. Згодна з падлікамі адмысловых калькулятараў у суседніх Літве і Польшчы іпатэчныя крэдыты на $ 80 тыс (у памеры 80 %) і на 20 гадоў – каштуюць каля 3 % гадавых.

Наталля Літоўская канстатуе:

«У беларусаў няма альтэрнатывы. Давядзецца прымірыцца з тым, што крэдытаў на нерухомасць няма і не будзе яшчэ даволі доўга. Яшчэ ёсць невялікая магчымасць крэдытавання ад «Белінвестбанку» на новабуды. Гэтыя партнёрскія праграмы, мяркую, працягнуць яшчэ некалькі месяцаў».

Ці можам разлічваць на тое, што пачне падаць стаўка рэфінансавання, да якой прывязаныя адсоткі па крэдытах?

«Не можа пры нашых трэндах у інфляцыі, якая расце па выніках 2020-га года, яна не можа зніжацца ў гэтых умовах. Яна можа толькі вырасці, таму ўмовы могуць зрабіцца яшчэ горшымі», – адказвае Сяргей Жбанаў.

Эканоміка падае, і пазычаць грошы на доўгія тэрміны банкам не выгадна. Калі глядзець вачамі пазычальнікаў, то ў многіх з’явілася дадатковая прычына не займаць.

«Свае валютныя ўкладанні я зняла. У мяне пасля падзеяў з пачатку жніўня няма ні аднаго адсотка ўпэўненасці, што дзяржава не забярэ мае асабістыя грошы», – адзначае жыхарка Менску.

Таму даверу да дзяржавы, ці іншымі словамі – упэўненасці ў сваім заўтра, не маюць ні банкі, на насельніцтва.

Юлія Цяльпук, «Белсат»