У Вільні адбыўся Форум свабоднай журналістыкі


Алег Груздзіловіч сёлета атрымаў прэмію «Надзея Свабоды» – за адданасць абавязку журналіста. Менавіта праз сваю працу рэпарцёр «Радыё Свабода» правёў за кратамі дзевяць месяцаў: ад снежня летась па верасень сёлета. Усяго больш за 30 нашых калегаў зараз у вязніцах. Большасць незалежных беларускіх грамадска-палітычных выданняў цяпер мусяць працаваць у выгнанні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Свабода слова – гэта не толькі слова, якое сказана. Гэта свабода думкі, – адзначыў адзін з арганізатараў Форуму, Дарыюс Лукашэвічус з Саюзу журналістаў Літвы. – Можна заткнуць камусьці рот, не дазволіць выступіць на мітынгу, разагнаць нейкае выданне. Але сёння гэта вельмі складана рабіць – усіх закрыць».

Але некаторыя сродкі масавай інфармацыі засталіся на Радзіме. І кожная з гэтых дзвюх часткаў адзінага беларускага медыя-сектару мае свае, розныя праблемы.

«З аднаго боку, гэта праблемы, звязаныя з легалізацыяй, з атрыманнем статусу журналіста, з атрыманнем інфармацыі з Беларусі. А ў выданняў, якія працуюць у Беларусі, на першае месца выходзяць пытанні бяспекі», – патлумачыў старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Ён выразіў упэўненасць у тым, што незалежныя медыі захаваюцца. Можа быць, пяройдуць у іншыя формы, на якіясь іншыя платформы.

Яшчэ адным з важных пунктаў абмеркавання на форуме была супольная падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Рэдакцыі атрымліваюць гранты, персаналу даюць магчымасць легалізавацца ў іншых краінах па максімальна спрошчаных працэдурах. Без перабольшанняў, робіцца шмат. І такая дапамога будзе працягнутая.

Дарыюс Лукашэвічус нагадаў, што ўся цывілізаваная Еўропа «дапамагае і робіць, што можа і што, напэўна, вам трэба. Гэта і магчымасць жыць і працаваць у нашых краінах. Але часам здаецца, што можна зрабіць і больш».

Тым не менш, падчас панэльнай дыскусіі прагучала жорсткае «час сэрцайкаў і коцікаў мінуў». Беларусы мусяць браць адказнасць за свой далейшы лёс і самі будаваць новую Беларусь. Ніхто за нас гэтага не зробіць. Гэта тычыцца і агульнапалітычных аспектаў, і вузкапрафесійных. Такую думку выказаў у каментары для «Белсату» журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч. Ён упэўнены: трэба адмовіцца ад гэтай пазіцыі, што вось нам нехта мусіць дапамагчы, нам нехта мусіць забяспечыць умовы, і тады мы будзем развівацца. Мы самі мусім знайсці ўмовы, знайсці людзей і развіваць сваю незалежную прэсу.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання Алег Груздзіловіч назваў журналістаў, якіх бачыў за кратамі і з якімі хацеў бы раздзяліць гэтую пачэсную ўзнагароду: Андрэй Кузнечік, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Скурко, Ягор Марціновіч, Уладзімір Чудзянцоў, Марына Золатава.

Марына Яновіч, Ганна Русінава, Здзіславас Вайцехоўскіс, «Белсат»