Як адчуць сябе на месцы чалавека з ВІЧ-інфекцыяй


Інфармаванне і прафілактыка – такая мэта акцыяў, што ладзяцца сёння ў розных краінах з нагоды Усясветнага дня барацьбы са СНІДам. Актывісты, пацыенты, дзяржаўныя і міжнародныя арганізацыі ў Кіеве нагадалі пра важнасць тэставання як сродку прафілактыкі інфекцыі.

«Мы пераможам толькі тады, калі ўсе ва Украіне зробяць тэсты і будуць клапаціцца пра сваё здароўе. Чым раней мы даведаемся пра свой дыягназ, тым лепш. Ва Украіне ВІЧ-інфекцыю лечаць бясплатна, лекі даступныя, і трэба пра гэта нагадваць не толькі сёння, а кожны дзень», – кажа ўдзельнік акцыі святар праваслаўнай царквы Украіны Сяргей Дзмітрыеў.

ВІЧ-інфекцыя – дыягназ, які многіх палохае, але стаўленне да інфікаваных людзей у грамадстве паступова змяняецца, адзначае прадстаўнік міжнароднай арганізацыі барацьбы са СНІДам ва Украіне. І апроч шырокіх адукацыйных захадаў дапамагла ў гэтым пандэмія каронавіруса.

«Кожны чалавек змог сябе адчуць на месцы чалавека, які жыве з ВІЧ-інфекцыяй. Калі ён зразумеў, што не можа пераязджаць з адной краіны ў іншую, што не можа выходзіць з дому, што не можа пайсці на працу, і такая колькасць абмежаванняў толькі таму, што за вакном інфекцыйнае захворванне», – адзначае дырэктар UNAIDS ва Украіне Раман Гайлевіч.

Пра тое што дыскрымінацыя людзей з ВІЧ-інфекцыяй змяншаецца, пацвярджае і наш ананімны беларускі суразмоўца з пазітыўным ВІЧ-статусам. Але пры гэтым у Беларусі надалей бракуе інфармацыі пра гэтую інфекцыю, асабліва для моладзі.

«У школах праводзяцца, я не спрачаюся, мерапрыемствы, але менавіта яны праводзяць так, як яны хочуць. І не заўсёды яны кажуць тое, як ёсць насамрэч. То бок, не такую праўдзівую інфармацыю даносяць да людзей, як ёсць насамрэч, і праз гэта людзі кепска ведаюць», – кажа наш суразмоўца.

На дзень 1-га лістапада ў нашай краіне жывуць больш за 23 тысячы ВІЧ-інфікаваных людзей, з іх больш за 5 тысячаў – у Менску.

Найбольш новых выпадкаў лекары фіксуюць у асобаў ад 35 да 49 гадоў. Асноўны шлях перадачы інфекцыі – палавы. У Беларусі кожны ахвотны можа прайсці тэставанне, у тым ліку ананімнае, падкрэслілі ўдзельнікі канферэнцыі, прысвечанай Дню барацьбы са СНІДам. А дзякуючы таму, што пацыенты з пазітыўным ВІЧ-статусам маюць адмысловае лячэнне – антырэтравірусную тэрапію, – працягласць і якасць іхнага жыцця параўнальная з людзьмі, у якіх няма ВІЧ-інфекцыі.

«Часта працягласць жыцця нашых пацыентаў нават перавышае працягласць жыцця насельніцтва за кошт таго, што яны знаходзяцца пад пастаянным назіраннем інфекцыяністаў і іншых лекараў, і хранічныя ці вострыя захворванні выяўляюцца на ранейшых стадыях», – адзначае прадстаўнік РНПЦ гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Атаманчук.

Звярнуцца па неабходную дапамогу беларусы могуць і ў іншай краіне.

«Гэта няўрадавая арганізацыя асацыяцыя «Demetra», якая размяшчаецца ў Вільні на вуліцы Каўна, дзе можна ананімна бясплатна зрабіць тэст на ВІЧ», – кажа кіраўніца асацыяцыі Святлана Кулшыс.

Прайшло сорак гадоў з выяўлення першых выпадкаў хваробы, але СНІД застаецца глабальнай пагрозай. У свеце па стане на 2020 год амаль 38 мільёнаў чалавек мелі ВІЧ-пазітыўны статус. UNAIDS – сумесная праграма ААН у праблеме ВІЧ і СНІДу папярэджвае, што цягам бліжэйшых дзесяці гадоў больш за сем з паловаю мільёнаў смерцяў могуць быць звязаныя са СНІДам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»