Ці выгадна зносіць хрушчоўкі ў Беларусі?


Знесці хрушчоўкі і на старым фундаменце пабудаваць новае жытло. Такую прапанову віцэ-прэм’ера Беларусі Анатоля Сівака ўхваліў Лукашэнка. Маўляў, гэта – гаспадарскі падыход.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У нас сёння чарга з ахвотных атрымаць жытло з дзяржаўнай падтрымкай на 20 гадоў. Чарга вялікая, і калі б у дзяржавы былі грошы на гэтае будаўніцтва, яны б, па-першае, вырашалі б праблемы гэтых людзей, а не зносілі хрушчоўкі», – лічыць прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Праект перабудовы хрушчовак можа быць спробаю залагодзіць праблемы будаўнічай галіны, лічыць адмыслоўца. Паводле Белстату, за восем сёлетніх месяцаў у краіне пабудавалі жытла на адзінаццаць адсоткаў менш, чым за той жа леташні перыяд.

Танныя пяціпавярховікі пачалі будаваць у Савецкім Саюзе падчас кіравання Мікіты Хрушчова, адсюль іх назва.

Першапачаткова іх узводзілі ў Маскве. І лічыліся яны часовым жытлом.

«Мы можам бачыць у Беларусі, у краінах балтыйскіх багата пяціпавярховікаў, так званых хрушчовак, пабудаваных пазней, у 60-ыя, у добрым тэхнічным стане. І іх будавалі, разумеючы, што, магчыма, замены не будзе», – тлумачыць блогер-урбаніст Данііл Аленіус.

Цяперашнюю ідэю перабудоўваць хрушчоўкі ўлады перанялі ў Расеі, дзе шмат такіх дамоў маюць сапраўды аварыйны стан. У Маскве значна даражэйшыя і зямля, і жытло, і такі праект там лепш акупляецца. Але нават у расейскай сталіцы выдаткі на праграму павялічыліся ўдвая ад запланаваных, і працягваць яе будуць на пазыкі, кажа эканаміст Віталь Алейнік. Беларусі ж – калі ісці шляхам Расеі – пазыкаў узяць няма адкуль, бо ўнутранага іх рынку не існуе:

«Калі склалася такое асяроддзе, што не толькі нельга прыцягваць грошы ні з усходу, бо там абмежаванасць сродкаў, ні з захаду – увогуле, заблакавана ўсё. Але і ўнутры краіны ты ўкладзеш грошы, а яны могуць у пэўны момант папросту камусьці ўпасці на вока, і праект могуць забраць, а грошы проста могуць быць страчаныя».

Паводле інфармацыі Інстытуту жытла, у Беларусі на 2019 год было 2568 хрушчовак. На іх знос спатрэбіцца больш за сем мільярдаў долараў, яшчэ чатырнаццаць мільярдаў трэба на пабудову новых дамоў. Разам гэта – амаль траціна валавога ўнутранага прадукту. Таму нават калі гэткая праграма пачнецца, то скончыцца яна, бадай, нічым, мяркуе Аляксандр Кныровіч. Як і шэраг ранейшых праектаў.

Хрушчоўкі.
Фота: ТК / Белсат

«Напрыклад, такі быў – забудова мансардаў. Калі ісці гэтым шляхам, будуць выбраныя некалькі абʼектаў у цэнтры ў самых прывабных месцах, яны будуць неяк зробленыя праз шмат перасоўванняў. І на гэтым усё забудзецца», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Абяруць жа для зносу і перабудовы, на думку нашых суразмоўцаў, будынкі не ў аварыйным стане, а тыя, што стаяць на прывабных для патэнцыйных забудоўнікаў участках. Ёсць і юрыдычныя пытанні да такога праекту.

«Пакінуць фундамент – і на гэтым фундаменце пабудаваць новы дом. Пакуль складана казаць, наколькі гэта новы дом з юрыдычнага пункту гледжання – ці гэта рэнавацыя, бо фундамент застаецца», – кажа юрыст Раман Кісляк.

Ад гэтага залежыць, ці будуць перасяляць жыльцоў. Агулам жа ў Беларусі ёсць досвед, калі жыхары дамагаліся адэкватнай кампенсацыі за перасяленне.

«У 2009-2011 гадах былі канфлікты ў Берасці, калі забіралася жытло ў цэнтры. Умоўна, 100 тысяч долараў каштуе кватэра – і давалася іншая кватэра з такімі ж якасцямі на ўскраіне, за 20 тысяч. І была барацьба жыхароў, і мы дапамагалі змагацца», – нагадвае Раман Кісляк.

У сённяшніх рэаліях змагацца за свае правы складана: у краіне знішчаныя і грамадскія арганізацыі, і незалежная прэса, не дзее інстытут петыцыяў. Але калі працэс перасялення будзе маштабным, гэта можа стаць сацыяльнай праблемай, кажа Данііл Аленіус.

«Гэта будзе, магчыма, трыгерам для таго пакалення, пакалення людзей, якія ў хрушчоўкі заехалі якраз у 1960-1970 гадах. Гэта якраз аснова электарату Лукашэнкі, я так лічу».

Аптымальным жа ўладкаваннем праблемы ў беларускіх рэаліях нашыя суразмоўцы лічаць пашырэнне праграмы капітальных рамонтаў, а зносіць і перабудоўваць варта толькі асобныя, сапраўды аварыйныя дамы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»